Вітаю ўсіх светлых людзей!
Я Крысціна, і нейкім неверагодным чынам 4 апошнія гады у мяне атрымлівалася працягваць жыць і дзейнічаць у Беларусі. Але два тыдні таму я ўсё ж вымушана была з’ехаць з краіны.
Да 2020 года маё жыццё было звязана з грамадскай дзейнасцю, з адукацыяй моладзі і дарослых, з сям’ёй, сябрамі і Віцебскам. Але 2020 год стаў пераломным. Ён адкрыў для мяне не толькі беларусаў, але і саму сябе з новага боку: счэпкі, маршы, адзіночны пікет, партызаншчына, уцёкі, затрыманні, суды, ператрусы, ІЧУ — ніколі б не падумала, што гэта гісторыя пра мяне.
Напрыканцы 2021 года я ў адчаі зразумела, што ў мяне няма ніякіх іншых спосабаў адкрыта дэманстраваць сваю пазіцыю, акрамя беларускай мовы — і я зрабіла крок, пра які думала яшчэ са школьных часоў — перайшла цалкам на беларускую. І мая барацьба працягвалася цяпер кожную хвіліну.
Што я магла рабіць унутры краіны ўвесь гэты час, дык гэта дапамагаць: грашыма, перадачамі, лістамі, камунікацыяй, дапамогай родным палітзняволеных.
А галоўнае: я заставалася ўнутры Беларусі, не гледзячы на ўвесь ціск. Гэта былі цяжкія тры з паловай гады ў Віцебску, але шчаслівыя: я была дома, я была побач з мамай, якой так неабходна мая дапамога, я была са сваім самым улюбёным сабакам Курцікам, і я магла працягваць нашу барацьбу.
На жаль, усё змянілася падчас вялікага хапуна 23 студзеня гэтага года: 15 содняў у жорсткіх умовах ІЧУ і крымінальная справа. Я з’ехала не адразу, усё спадзявалася, што гэта звычайнае запужванне ў іх манеры. Але гэтым разам пагроза стала залішне вялікай, і паміж турмой і замежжам я выбрала эміграцыю.
Дома ў мяне мама 73 гадоў, якой вельмі цяжка хадзіць, і пры гэтым яна цяпер адказная за майго сабаку Курта, які жыве з ёй. За апошнія паўгады мама перажыла пералом хрыбетніка і аперацыю. А нядаўні пералом рукі яна атрымала ўжо падчас майго ўтрымання за кратамі.
Вядома, больш за ўсё я б хацела перавезці і маму і Курта да сябе, дзе б я ні была. Але на сённяшні дзень пасля тэрміновага звальнення і эвакуацыі у мяне няма працы, няма валодання мясцовымі мовамі, няма свайго асабістага жытла, няма грошай. Але ёсць усе вы, таму:
Звяртаюся па дапамогу да вас, шаноўныя сябры: зрабіце так, каб Крысціна і Курцік, якога я забрала ў 2017 годзе з прытулку, як мага хутчэй зноў уз’ядналіся. Калі я забяру Курта, мама будзе ў большай бяспецы, і гэта дае мне шанец на тое, каб у далейшым атрымалася і яе забраць да сябе. Бо да скону рэжыму ў Беларусі мне вяртанне на Радзіму забаронена. Але салідарнасць і змаганне ў іх забараніць не атрымаецца.
Кусь за Беларусь!
Сума збору:
€2000
€500 – для набыцця самага неабходнага для існавання пасля тэрміновай эвакуацыі: абутку, вопраткі, сродкаў гігіены
€700 – падрыхтоўка сабакі і перавозка Курта з Віцебска ў Польшчу ці Германію з дапамогай спецыяльных службаў
€800 – на праезд, сувязь, ежу, лекі — на першыя месяцы, пакуль не ўладкуюся і не пачну зарабляць.