Я – Мікіта Краснакуцкі, адзін з заснавальнікаў аб'яднання «Моладзевы Блок і каардынатар Менскай арганізацыі Партыі «Грамада». Палітычным актывізмам я займаўся з 2016 года. Працягваў дзейнасць у Беларусі і пасля 2020-га года (заснавальнік кампаніі «Грамадскі Кантроль», якая патрабуе выканання чыноўнікамі сваіх абавязацельстваў), да 4-га красавіка 2022-га года.
У гэты дзень, па дарозе на працу, быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, а дома быў праведзены ператрус, у выніку якога была забраная сімволіка, беларускія мастацкія кнігі, старыя стыкеры ў адзінкавых асобніках і жорсткі дыск з кампутара. Быў атрыманы доступ да сацыяльных сетак. У выніку допыту супрацоўнікамі была вылучана ўмова: альбо крымінальная справа за ўсё, што было знойдзена, падпіскі на розныя каналы і ініцыятывы, альбо вызваленне са стукацтвам і кантролем супрацоўнікамі ўсіх маіх сродкаў сувязі з забаронай на выезд з краіны.
Мною была дадзена згода на другую ўмову, але я адразу ж папярэдзіў аб гэтым усіх актывістаў, з якімі ўдалося выйсці на сувязь. Мая бяспека не варта рызык, якім маглі быць схільныя актывісты і іх сваякі як у Беларусі, так і за мяжой. У выніку «гульні» з супрацоўнікамі, — іх пільнасць была ўсыплена. Па правераных каналах мне ўдалося пакінуць Беларусь і дабрацца да цёплай Грузіі, дзе мяне прытулілі знаёмыя актывісты, якія раней пакінулі Беларусь. Далей я аднавіў доступ да ўсіх акаўнтаў і адрэзаў доступ супрацоўнікам КДБ.
У выніку я пазбавіўся працы ў Беларусі, дзе працаваў сістэмным адміністратарам у фірме, якая займаецца аўтсорсінгавай тэхнічнай падтрымкай і пабудовай інфраструктуры. З сабой была магчымасць узяць невялікую колькасць назапашванняў. Жыццё трэба пачынаць практычна з нуля, таму я буду рады любой дапамозе на час пошуку працы і свайго жытла.
Якая сума неабходна?
520 € — купля прадуктаў харчавання і арэнда жылля (кошты ў Грузіі ўзляцелі пасля пачатку вайны); куплянне адзення і бытавых прадметаў; планы па знаходжанні ў Тбілісі і час на знаходжанне працы да 1 месяца.