Я – Віталь Казлоўскі, звычайны беларус. Падобна многім суграмадзянам, пачынаючы са «стэлы» 9 жніўня 2020 г. і заканчваючы сакавіком 2021 г., хадзіў на маршы і пратэсныя акцыі, як на працу. З усіх пратэсных дзён, самым запамінальным і фатальным аказалася для мяне нядзеля 30.08.2020, калі ў Менску прайшоў Марш міру і незалежнасці.
Як памятаю, я далучыўся да пратэстоўцаў каля «Галоўпаштамта». Адразу ўбачыў аўтобусы, аўтазакі і затрыманне жанчын. Яны прыціснуліся да сцяны гатэля «Мінск», стаялі ў счэпцы, акружаныя чорнымі фігурамі без апазнавальных знакаў, якія расчаплялі іх і па адным заводзілі ў аўтазак. Усё суправаджалася гучнымі жаночымі крыкамі і енкам. Эмоцыі і жарсці імгненна нарасталі, і не толькі ў мяне аднаго.
Калі на ходніках сабраліся каля тысячы пратэстоўцаў, мы выйшлі на праспект. Туды-сюды па праспекце «шмыгалі» бусы, якія імкнуліся сагнаць нас з дарогі. Бывала, які-небудзь бус спыняўся і з яго выбягалі людзі «ў цывільным», імітуючы пачатак затрыманняў. Мы не паддаваліся. Тады яны залазілі назад у бус і ад'язджалі. Узнік псіхалагічны супраціў.
Мы пачалі рухацца ў бок ГУМа. Рэзка, недалёка ад будынку КДБ, пачулі жаночыя крыкі. Па ходніку «ціхары» гналіся за мужчынам, дагналі, павалілі яго на асфальт і пад локці павялі ў чорны бус. Некалькі абураных пратэстоўцаў кінуліся яго адбіваць. Узнікла бойка. Я далучыўся.
Мае эмоцыі былі перапоўненыя абурэннем. У натоўпе я паспрабаваў ударыць «ціхара» з рацыяй, калі яго заганялі назад у бус. Удар прайшоў міма па яго патыліцы. Пачуўшы, што абурэнне пратэстоўцаў нарастае, «ціхі» хутка заляцелі ўнутр і зачынілі дзверы. У мяне было цвёрдае перакананне, што яны зацягнулі затрыманага ў салон. Тады ад безвыходнасці я пачаў біць па шкле буса кулаком. Гэта было эмацыйнае патрабаванне, каб яго выпусцілі. Бус крануўся з месца, і тады я пачаў наносіць удары нагой па абіўцы з вялікай дыстанцыі, каб мяне не пераехалі. Аказалася, што я біў па бусе не адзін. «Ціхары» хутка пакінулі месца інцыдэнту. Тады я яшчэ не ведаў, што ўся заваруха была справакавана для аператыўнага відэазапісу, на якім я, разам з усімі ўдзельнікамі, быў зафіксаваны.
Нас захапіла весялосць, мы адчулі сябе пераможцамі і цешыліся. А за пяцьдзесят метраў стаяў атрад АМАПу. Галоўны з іх размаўляў па рацыі. Хлопцам і мне пашчасціла, што амапаўцам своечасова не паступіў загад на затрыманне.
Мы рухаліся далей і хутка наткнуліся на натоўп амапаўцаў, які заступаў нам дарогу. Праходзячы міма аманоўскага відэааператара, я паказаў яму сярэдні палец і сышоў на ходнік. Такім чынам, у гэты дзень я патрапіў на два аператыўныя відэазапісы.
На наступны дзень бойку каля аўтобуса «ціхароў» я ўбачыў у крымінальнай зводцы МУС і на ўсіх асноўных пратэсных каналах. Гэта мяне моцна ўстрывожыла. Я разумеў, што ў любы момант па мяне могуць прыйсці, бо ў жніўні мы яшчэ не хавалі свае твары. Аднак гэтага не адбылося. Пакуль яшчэ
Недзе праз месяц мне патэлефанаваў мой калега па працы і паведаміў, што МУС зноў апублікаваў аператыўны відэазапіс бойкі каля аўтобуса «ціхароў» з заявай аб завяршэнні крымінальнай справы аб затрыманні ўсіх удзельнікаў інцыдэнту, пры чым маю фігуру на відэазапісе абвялі авалам. Скажу, што ўзнікае вельмі цікавае пачуццё, калі ты, седзячы дома, чытаеш заяву МУС аб тваім затрыманні. Насамрэч, у першыя месяцы пратэстаў МУС выпусціла шмат фэйкаў аб паспешных расследаваннях для запалохвання людзей. Мне зноў пашчасціла. Я не ведаю, што стала з тымі смелымі хлопцамі, якія кінуліся адбіваць затрыманага. Спадзяюся, што ўсе яны на волі.
Пасля гэтых падзеяў прайшло паўтара гады. Аднойчы, 31.01.2022 у дзверы пазваніў хлопец, падобны да электрыка. Я адчыніў і ў дом зайшлі тры аператыўнікі ГУБАЗіКу. Мне паказалі скрыншоты з маім сярэднім пальцам. Правялі ператрус, забралі два тэлефоны і ноўтбук. Вывелі пад локці.
Далей мяне чакалі 10 сутак на Акрэсціна і 78 сутак на Валадарцы. 28.04.2022 мяне асудзілі па артыкуле 342 ч. 1 па справе «сярэдняга пальца» на два гады абмежавання волі з накіраваннем, плюс выплата кампенсацыі «Мінсктрансу» за спыненне маршруту грамадскага транспарту на суму 7580BYN. Вядома, ўвесь час я баяўся, каб не «ўсплыў» першы аператыўны відэазапіс бойкі каля бус. Тады тэрмін і від пакарання быў бы значна цяжэйшы. Зноў пашчасціла?
У чаканні на скіраванне, разумеючы, што поспех не заўсёды можа знаходзіцца з табой, і рана альбо позна гісторыя з бусам усплыве, я вырашыў часова пакінуць краіну. Такім чынам, пры падтрымцы валанцёраў BYSOL, я аказаўся ў Грузіі.
Судовая справа, арышт, рэлакацыя — матэрыяльна «абяскровілі» мяне. Мае сціплыя ашчаджэнні пайшлі на аплату паслуг адваката, турэмныя пераводы і міграцыю. Таму і вымушаны звярнуцца да вас, дарагія, па дапамогу.
Якая сума неабходна?
1030 € — авіябілет; арэнда жылля; харчаванне.