Дапамога былому палітвязню Кажамякіну Станіславу на перыяд адаптацыі ў Польшчы

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Станіслаў Кажамякін. Калісьці ў мяне быў невялікі бізнэс у Баранавічах, і як прадпрымальнік, я бачыў несправядлівасць улады і ўсёй сістэмы кіравання ў Беларусі. Аднак фальсіфікацыя выбараў у жніўні 2020 года стала для мяне апошняй кропляй. Таму па меры магчымасці я ўдзельнічаў у маршах і шэсцях, мірных мітынгах, дапамагаў іх арганізоўваць у Нясвіжы і Баранавічах. Так хацелася перамен да лепшага жыцця!

Праблемы з-за маёй актыўнасці пачаліся амаль адразу, у разгар падзеяў 2020 года. Мы з братам працавалі на тэрыторыі рынку ў Баранавічах, і ў кожнага была свая кропка, дзе мы часта арганізоўвалі сходы ў памяць аб загінулых на пратэстах. За намі пачалі сачыць сілавікі праз няштатных працаўнікоў, якія павінны былі дакладваць аб нашай дзейнасці. З-за іх даносу майго брата пасадзілі на суткі ў лістападзе 2020 года, а нашыя з ім крамы пачалі наведваць з праверкамі, ускладняючы нашу працу.

Праз паўгода мы пачалі закрываць свае бізнэсы. Нас засыпалі праверкамі і штрафамі і працаваць у такіх умовах стала невыносна. А ў канцы красавіка 2021 года я даведаўся, што на мяне заведзена крымінальная справа, нібыта я заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і інструктаваў, як сябе паводзіць падчас вулічных сутычак.

10 жніўня 2021 года а 8 раніцы да мяне дадому прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Перад гэтым мы з братам збіраліся з'яжджаць з краіны паасобку пад маркай паездкі на мора. Як аказалася, нашы з братам тэлефоны былі на праслухоўванні, таму яны даведаліся аб нашых планах досыць хутка. Сілавікі прыйшлі да мяне першага, і гэта дало магчымасць майму брату схавацца.

Падчас ператрусу ў мяне знайшлі ўлёткі аб уступленні ў партыю «Рух за Свабоду», абвінавацілі ў тым, што я і агітаваў у двух тэлеграм-чатах «Баранавічы 97%» і «Берасце 97%». Мяне арыштавалі, а ў студзені 2022 года асудзілі па 130-м артыкуле (арт. 130 КК РБ – распальванне варожасці) на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі.

У калоніі мяне хацелі прымусіць запісаць відэа, дзе я павінен быў абгаварыць сябе. Я адмаўляўся ад такога, і мяне неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА.

ШІЗА (штрафны ізалятар) – гэта памяшканне для зняволеных, дзе ўмовы ўтрымання значна больш жорсткія, чым звычайна. Зняволеныя ў СІЗА пазбаўлены шматлікіх прывілеяў, такіх як перадачы, спатканні і шпацыры, і часта падвяргаюцца ўзмоцненаму фізічнаму і псіхалагічнаму ціску.
Заўвага BYSOL

Я выйшаў на волю 23 траўня 2024 года. Паглядзеўшы на гісторыі іншых палітвязняў, якія вызваліліся, я зразумеў, што затрымлівацца ў Беларусі вялізная рызыка. Таму я прыняў рашэнне з'ехаць з краіны і не памыліўся. Праз два дні пасля ад'езду следчы шукаў мяне ў бацькоў, а на наступны дзень да іх прыехаў ужо ўчастковы інспектар і таксама мяне шукаў. Як аказалася, на мяне заведзена новая крымінальная справа і я знаходжуся ў вышуку.

Выязджаў я з краіны экстрана і не паспеў падрыхтавацца да ад'езду. Мой план прадаць сваю машыну і на гэтыя грошы першы час жыць праваліўся. Я не прадаў свой аўтамабіль, бо не змог зняць яго з уліку, бо без маёй прысутнасці гэтага нельга было зрабіць. Акрамя таго, мае бацькі пенсіянеры, а брат «ва ўцёках», і я не магу разлічваць на нейкую матэрыяльную падтрымку з іх боку.

Я аказаўся зусім без сродкаў на існаванне. Я заўсёды зарабляў і мог сябе пракарміць, а цяпер розуму не прыкладу, што мне рабіць. Я шукаю нейкую працу ці падпрацоўку. Але, каб арандаваць жыллё, аднавіць здароўе пасля калоніі, вучыць мову патрэбныя хоць нейкія грошы для старту!

Я вельмі ўдзячны за магчымасць звярнуцца да людзей па дапамогу! Гэта дае мне надзею не застацца сам-насам з маімі новымі выпрабаваннямі. Я буду вам удзячны за любы пасільны ўклад!

Сума збору

€2500

€150 – кошт квітка на пералёт Тбілісі-Варшава (аддаць доўг),
€350 – медабследаванні і лячэнне хвароб, што абвастрыліся пасля калоніі (пакуль няма афіцыйнай працы, няма доступу да NFZ),
€ 200 – на арэнду жылля (на тры месяцы),
€800 – на адзенне і абутак па сезоне, прадметаў першай неабходнасці, харчаванне

:
€ 2 522
Збор завершаны. Сабрана: € 2 522