Акцёр вымушана пакінуў Беларусь пасля прысуду, чакае дазволу на працу і мае вострую патрэбу ў падтрымцы на час, пакуль не можа зарабляць.
Кастусь кажа, што проста «не мог заставацца ўбаку, як і ўся нашая трупа. Мы ўдзельнічалі ва ўсіх вулічных маршах і дваровых ініцыятывах, пакуль у снежні 2020 года не адбыўся апошні масавы марш». Пасля беларус убачыў, што пратэстная актыўнасць сышла на нішто і працягнуў жыць і працаваць. Праўда, з працай у дзяржтэатры яму і чальцам трупы прыйшлося развітацца па ініцыятыве тэатра. Калектыў пачаў працу ў незалежным фармаце, Канстанцін гуляў і займаўся адміністраваннем квэстаў.
У снежні 2021 года да мужчыны прыйшлі «людзі ў масках» з ГУБАЗіКу. Быў ператрус, канфіскавалі асабістыя рэчы і тэхніку. Далей – 10 содняў у ІЧУ на Акрэсціна, затым тры месяцы ў СІЗА-1 на Валадарцы. Акцёру прад'явілі абвінавачанне па арт. 342 КК (удзел у масавых беспарадках). 25 сакавіка 2022 года суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама Канстанціна абавязалі выплаціць кампенсацыю за нібыта нанесеную шкоду Мінсктрансу ў 25 тысяч рублёў.
«Пасля абвяшчэння прысуду мяне вызвалілі проста ў зале – узгадвае беларус. – Два тыдні я прыводзіў справы ў парадак. Даведаўся, ці магу выязджаць за мяжу, пасля чаго вырашыў пакінуць Беларусь, разумеючы рызыкі паўторнага пераследу».
Праз месяц Кастусь апынуўся ў Грузіі, затым пераехаў у Польшчу, атрымаўшы гуманітарную візу.
«Год я працаваў як мог, каб сабраць грошай на мару: паехаць у ЗША і працягнуць там кар'еру акцёра, – дзеліцца экс-палітвязень. – У 2023 годзе я паспрабаваў патрапіць у ЗША па гуманітарнай праграме, аднак у выніку мяне не пусцілі на самалёт у Нямеччыне». Мужчына страціў усе назапашаныя сродкі, каля дзвюх тысяч долараў, патрачаныя на білеты і жыллё, вярнуць іх не ўдалося. Падыходзіла да канца і гуманітарная віза.
Улетку 2025 года ў Канстанціна скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, банкаўскі рахунак быў заблакаваны, што пагоршыла і без таго хісткае фінансавае становішча. Беларус адразу падаў дакументы на міжнародную абарону ў Польшчы. Працэдура разгляду заняла некалькі месяцаў. Нядаўна экс-палітвязень атрымаў часовы дакумент, які дазваляе знаходзіцца ў краіне легальна, і падаў заяву на дазвол афіцыйна працаўладкоўвацца. Да гэтага часу беларус не можа працаваць легальна, былыя і сёлетнія разавыя падпрацоўкі не здольныя закрыць нават базавыя патрэбы і пазыкі, з'явілася пагроза застацца без жылля.
Кастусь арандуе пакой за 1700 злотых у месяц, але ў яго няма ні магчымасці аплаціць жыллё, ні сродкаў, каб купляць прадукты і прадметы першай неабходнасці.
«Я заўсёды спраўляўся самастойна з рознымі праблемамі, мяне не зламала няўдача з ЗША, але цяпер без вашай падтрымкі я рызыкую апынуцца на вуліцы, не паспеўшы пачаць працаваць. Пасля некалькіх гадоў у эміграцыі я ўпершыню апынуўся ў такой роспачы і прашу вашай салідарнасці і падтрымкі».
Сума збору
€1400
€800 – арэнда каманты
€600 – выдаткі на харчаванне і бытавыя патрэбы
