66-гадоваму пенсіянеру з Мінска, удзельніку пратэстаў 2020 года пасля арышту, «хатняй хіміі» і эвакуацыі ў Польшчу патрэбна экстранная падтрымка. У мужчыны выявілі анкалогію, і ён мае патрэбу ў дарагіх кансультацыях дактароў, падтрымцы і лячэнні.
Кастусь Шышко – пенсіянер, захоплены ландшафтны дызайнер і майстар тапіярнай стрыжкі, у 2020 годзе не пагадзіўся з тым, што ў беларусаў скралі выбар і стаў удзельнічаць у маршах пратэсту, у тым ліку маршах пенсіянераў.
У жніўні 2022 года па дарозе на працу яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Спачатку справа скончылася адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за «экстрэмісцкі рэпост». Адбыўшы 10 сутак у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, мужчына не патрапіў на волю: сілавікі распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК РБ і перавялі ў следчы ізалятар да іншых палітвязняў.
Былы палітзняволены да гэтага часу з болем успамінае сваё знаходжанне там: «Карцэр» – бетонная скрыня ў пару квадратных метраў, унітазная дзірка ў куце. Нас дзесяць. Спім на голым бетоне пры ўключаным святле». У СІЗА мужчына перахварэў COVID-19 без медыцынскай дапамогі, потым Канстанціна этапам направілі на «Валадарку», дзе ён правёў каля трох месяцаў у падвале, вядомым як «Шанхай».
У снежні 2022 года суд прыгаварыў пенсіянера да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову – «хатняй хіміі». Пачаліся бясконцыя праверкі і «гутаркі», а праз дзевяць месяцаў і ператрусы. У выніку Канстанцін прыняў рашэнне з'ехаць, таму што пасля досведу першага арышту «перажыць усё гэта яшчэ раз я б не змог». У верасні 2023 года пенсіянера экстранна эвакуіравалі ў Польшчу.
«Медычнае абследаванне ў Польшчы, на няшчасце, у мяне паказала анкалогію. І для барацьбы з ёй мне патрэбна фінансавая дапамога», – наракае экс-палітзняволены.
Хоць мужчына дасягнуў пенсійнага ўзросту, пенсію ў Польшчы ён не атрымлівае, а «браць на працу пенсіянераў не вельмі і хочуць». Дзякуючы працавітасці і настойлівасці ў беларуса ёсць падпрацоўкі, каб аплаціць пакой у кватэры і харчаванне, «але на барацьбу з хваробай сродкаў зусім няма», – падкрэслівае Канстанцін.
Аб вяртанні ў Беларусь таксама не можа быць гаворкі: у маі 2025 года ў дачыненні да Канстанціна завялі завочную крымінальную справу «аб замене пакарання на больш строгую».
«Прашу вас аб падтрымцы, таму што сам я магу не зладзіцца. Дзякуй вам ад усёй душы! Я веру ў лепшую будучыню і абяцаю не здавацца. Жыве Беларусь!»
Сума збору
€3000
€2400 – візіты да лекараў, аналізы, лекі
€600 – арэнда пакоя еўра