Канстанцін* пакінуў Беларусь у 2019 годзе праз пагрозу крымінальнага пераследу. Ён вёў блог аб узбраенні, чым мог прыцягнуць увагу сілавікоў. «Афіцыйна невядома, ці распачалі супраць мяне «крыміналку» ужо тады, але ў красавіку 2020-га, перад выбарамі, маё прозвішча з'явілася ў вышуку», – удакладняе мужчына.
З моманту вымушанага ад'езду з Беларусі ён жыў з сям'ёй у Польшчы: працаваў, удзельнічаў у мерапрыемствах беларускай дыяспары, дапамагаў рэпрэсаваным.
«Калі РФ напала на Ўкраіну, я пачаў валантэрыць, арганізоўваючы зборы гуманітарнай дапамогі ў Гданьску, – распавядае Канстанцін. – А затым стаў валантэрам непасрэдна ва Ўкраіне. Суправаджаў грузы і пераганяў аўтамабілі ў прыфрантавыя зоны – Пакроўск, Купянск, Краматорск».
Праца на перадавой адбілася на здароўі. «Я бачыў, як складана добраахвотнікам зімой, асабліва з траўмамі, – кажа ён. – Мне прапаноўвалі падпісаць кантракт, але праз стан здароўя ў нейкі момант зразумеў, што фізічна не дам рады з яшчэ адной кампаніяй і з'ехаў у Малдову, каб адтуль вярнуцца ў Польшчу».
Аднак дарога дадому аказалася складанай. У 2021 годзе ў Польшчы мужчына патрапіў у інцыдэнт, які прывёў да крымінальнай справы. Ён лічыць яго справакаваным канкурэнтамі па бізнэсе, але суд прызначыў яму грамадскія працы і штраф. Пазней менавіта гэты эпізод стаў прычынай адмовы ў міжнароднай абароне.
У канцы 2023 года беларус падаў дакументы на прытулак у Польшчы, але праз 7 месяцаў атрымаў адмову. Апеляцыя не дапамагла — улады вынеслі рашэнне аб яго дэпартацыі. Перад выездам з краіны ён з адвакатамі падаў наглядную скаргу і суд перагледзеў справу. Цяпер у яго з'явіўся шанец вярнуцца ў Польшчу і аднавіць працэдуру абароны.
«Мы знайшлі грошы, залезлі ў даўгі, каб падаць дакументы, – кажа Канстанцін. – Цяпер усё залежыць ад суда, але без адваката гэты працэс мне не выцягнуць».
Цяпер мужчына знаходзіцца ў Малдове, працягвае працаваць валантэрам і падзарабляе, каб падтрымліваць сям'ю ў Польшчы: жонку, сына і хатніх гадаванцаў. Тэрмін дзеяння пашпарта жонкі хутка заканчваецца, а дадатковых сродкаў у сям'і няма.
«Я веру, што гэты шлях прывядзе мяне дадому – туды, дзе мая сям'я», – упэўнены Канстанцін, але для гэтага яму патрэбная дапамога ў аплаце юрыдычных паслуг.
*Імя героя зменена ў мэтах бяспекі
Сума збору
€3000
€1200 – паслугі адваката і юрыдычнае суправаджэнне,
€1000 – пазыка, узятая на аплату папярэдніх выдаткаў па справе,
€800 – лагістыка (праезд, пражыванне адваката, адміністрацыйныя зборы).