Добры дзень, дарагія беларусы!
Мяне завуць Клім Сінкевіч. Да выбараў 2020 года я быў студэнтам і захапляўся 3D, а пазней ужо працаваў 3D-мастаком. Пасля выбараў у 2020 годзе я хадзіў амаль на ўсе нядзельныя мітынгі.
Майго сваяка, з якім я быў на адным з мітынгаў, нечакана затрымалі ў снежні 2021 года. Дашлі да яго праз падпіскі на Facebook, але знайшлі і фота з мітынгу, на якім ёсць я. У той час рэпрэсіі за мірныя мітынгі ўжо ішлі. Таму я вырашыў не чакаць свайго затрымання і адразу з'ехаў у Маскву да сваёй дзяўчыны. Адтуль мы планавалі пазней пераехаць у Еўропу.
Праз некалькі дзён, як я з'ехаў у Расію, у кватэру да бацькоў уварваліся супрацоўнікі сілавых структур. Яны шукалі мяне. Дык я зразумеў, што знаходжуся ў вышуку за мірныя акцыі 2020 года, і застаўся ў Маскве. У лютым 2022 года пачалася вайна ўва Украіне і я, па сутнасці, аказаўся зачынены ў Расіі. Праз паўтара года на мой беларускі адрас пачалі прыходзіць позвы з ваенкамата, бо скончылася мая адтэрміноўка. Я хацеў хутка з'ездзіць у РБ, прайсці медкамісію і закрыць гэтае пытанне (цяпер я разумею, што гэта было вельмі вялікай памылкай).
Улетку 2023 года я прыехаў у Беларусь, але да ваенкамата дайсці не паспеў. Праз некалькі дзён пасля майго прыезду трое супрацоўнікаў ГУБАЗіК схапілі мяне ля пад'езда. Ударам у жывот пасадзілі ў машыну, у якой мяне збівалі — білі па рэбрах і нагах. Потым яны завялі мяне ў кватэру да бацькоў, дзе я быў прапісаны, і правялі там незаконны ператрус. У працэсе ператрусу ў мяне канфіскавалі кампутар, на якім я працаваў, тым самым пазбавіўшы мяне заробку.
14 сутак я правёў у аднамесным карцэры (у якім было ўвесь час не менш за 10 чалавек) у ІЧУ на Акрэсціна. Пасля гэтага я правёў 2 месяцы ў турме ў Жодзіне. Затым быў суд, на якім мне прысудзілі 2 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі».
«Хатняя хімія» — гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкід смецця. З праверкай міліцыянты могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час.
Заўвага BYSOL
Пасля вынясення прысуду я тэрмінова падаўся на гуманітарную візу, але патрапіў на візавы скандал у польскім МЗС. Хацеў менавіта польскую, бо ведаю мову і шмат сваякоў і сяброў пражываюць у Польшчы. На візу я чакаў 4 месяцы.
Цягам гэтага часу супрацоўнікі крымінальнай інспекцыі спрабавалі прыдумаць мне парушэнні, каб адправіць мяне ў калонію. Напрыклад, адзін раз інспектарка памяняла мне час штотыднёвай адзнакі, не паведаміўшы. За гэта мяне адразу ж адправілі зноў у ІЧУ на Акрэсціна на 10 сутак.
Каманда BYSOL дапамагла мне эвакуавацца ў Польшчу, за што ім вялікі дзякуй! Я выратаваўся ад турмы, жывы-здаровы! Адчуваю велізарную палёгку ад таго, што я ў свабоднай краіне і ў бяспецы, што за мной зноў не прыйдуць і не завалакуць у турму!
Аднак я вымушаны звярнуцца па дапамогау да сваіх суайчыннікаў і ўсім неабыякавым людзям. Пазбаўлены магчымасці заробку, у дадзены момант я адчуваю фінансавыя цяжкасці. Галоўная крыніца заробку любога айцішніка — гэта кампутар. А мне патрэбен магутны, для 3D-графікі. Без працы мне яго не купіць.
Я шмат чытаў і чуў гісторый, як беларусы дапамагаюць адно аднаму. Вельмі разлічваю на вашую падтрымку і салідарнасць і ўдзячны кожнаму, хто адгукнецца на маю просьбу!
Сума збору:
€2000
€2000 – кампутар (ноўтбук для графікі выходзіць моцна даражэй, а кампутар я магу сабраць самастойна за меншыя грошы)