Дапамога Кірылу Казею пасля дэпартацыі

  • Гісторыя

Кірыл Казей – муж і бацька дваіх дзяцей. Да арышту ён працаваў у кампаніі па продажы камп'ютарнай тэхнікі і цалкам прысвячаў сябе справам сям'і. Аднак у 2021 годзе мужчыну асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Жонка згадвае, што для дзяцей Кірыл быў чалавекам-святам: «Так шчыра і з поўнай аддачай гуляць у даганялкі, хованкі, ладзіць квэсты і ўсялякія розыгрышы – я, шчыра кажучы, не ўмею. Атрымліваецца, што ўсе ўспаміны пра тату ў дзяцей – гэта суцэльнае свята! Мы спартыўная сям'я. Улетку – ровары, узімку – горныя лыжы. Кірыл яшчэ і аматар бегу. Чатыры апошнія гады ўдзельнічаў у Мінскім паўмарафоне на дыстанцыі 21 км. А яшчэ мы не можам жыць без паездак і падарожжаў. Думалі ў гэтым (2021) годзе, улічваючы, што межы закрытыя, актыўна паездзіць па Беларусі, паказаць дзецям родную гісторыю. Шкада, планы былі жорстка парушаныя…»

27 кастрычніка 2020 года ў сетцы з'явілася відэа, на якім кіроўца BMW выходзіць з машыны і б'е чалавека, які да гэтага размахваў бел-чырвона-белым сцягам. Відэа хутка разышлося па сацсетках, і разам з ім у тэлеграм-каналах пачалі публікаваць даныя кіроўцы – яго адрас і тэлефон.

Паводле версіі следства, у адным з чатаў некалькі чалавек (у тым ліку і Кірыл) вырашылі «правучыць» гэтага кіроўцу і пракалоць шыны яго машыны. Ноччу 28 кастрычніка трое мінчукоў паехалі да яго дома. Але да двара не дайшлі: дваіх затрымаў АМАП, а трэці паспеў збегчы.

На наступны дзень сілавікі агледзелі машыну Кірыла і заявілі, што знайшлі там сцягі, улёткі, феерверкі, лазерныя ўказкі, а таксама гранату і патроны. Гэты ператрус паказалі па дзяржТВ і ўключылі ў абвінавачанне.

На судзе Кірыл віну не прызнаў. Ён падрабязна распавёў пра затрыманне, пра гвалт з боку сілавікоў і ціск у РУУС. Тым не менш, 31 сакавіка 2021 года суд пакараў мужчыну 7 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Увесь гэты час сям'я жыла без яго. Дзеці раслі без бацькі, а ўспаміны пра яго заставаліся тым самым «святам», пра якое казала яго жонка.

У зняволенні Кірыл сутыкнуўся з новым пераследам: яго судзілі па дадатковым артыкуле і прызначылі яшчэ два гады «хіміі» – фармальна гэта не павялічыла тэрмін, але стала яшчэ адным спосабам ціску ўнутры сістэмы.

У сакавіку 2026 года, пасля перамоваў, рэжым Лукашэнкі адпусціў частку палітвязняў. Сярод іх быў і Кірыл. Але свабода апынулася ўмоўнай: яго не адпусцілі дадому, а дэпартавалі ў Літву без дакументаў.

Зараз Кірыл пачынае ўсё нанова. Яму трэба аднавіцца, адаптавацца, знайсці працу і зноў стаць тым самым бацькам, якога памятаюць дзеці. І ён просіць вашай падтрымкі, каб вярнуцца да нармальнага жыцця.

Сума збору
€2900

€1200 – жыллё на 3 месяцы
€1000 – аднаўленне здароўя
€700 – выдаткі, пакуль Кірыл шукае працу

Сабрана:
€ 0 з 2 900