У 2020 годзе 9 жніўня я быў паранены на мітынгу супраць фальсіфікацыі выбараў у Баранавічах. Калі ў натоўп, дзе я стаяў, пачалі кідаць дымавыя і светлашумавыя гранаты, я рэфлекторна стаў адкідаць іх назад. Імкнучыся абараніцца, я нават не адразу заўважыў, як мне прастрэлілі галёнку гумовымі кулямі. Пяць разоў мне ўдалося адкінуць гранаты, якія ляцяць у нас, а шостая ўзарвалася ў мяне ў руках. Праз выбух я быў аглушаны, людзі вынеслі мяне на руках і выклікалі хуткую.
Пасля таго як мне аказалі першую дапамогу (кулі вынялі, нагу, брыво і скронь зашылі), я вярнуўся на мітынг і праз кароткі час быў затрыманы. Мяне, усяго перабінтаванага, збілі дубінкамі ў аўтазаку і пасадзілі на 5 сутак.
Пасля адміністрацыйнага арышту я 4 гады хаваўся ад сілавікоў, бо на мяне была заведзеная крымінальная справа. Увесь гэты час мяне шукалі па сваяках, дапытвалі жонку і брата, прыходзілі з ператрусам да бабулі і інш. Не дамогшыся нічога і не знайшоўшы мяне, у чэрвені 2024 года на мой адрас даслалі ліст, што крымінальная справа ў дачыненні да мяне спынена.
Мне падавалася, што гэта перамога. Нажаль. У лютым 2025 года мяне затрымалі пры здачы іспыту ў ДАІ. Па сфабрыкаванай падпісцы на ўжо забаронены тады тэлеграм-канал «Baranovichi online» мне далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, каб прытрымаць для аднаўлення ўжо закрытай крымінальнай справы па ўдзеле ў пратэстах.
Праз запалохванне і збіццё мяне спрабавалі прызнаць сябе на фатаграфіі мітынгу ў 2020 годзе. У іх атрымалася толькі пасля пагроз нашкодзіць маёй жонцы і дзецям. Я быў вымушаны падпісаць прызнанне. Акрамя гэтага ў судзе з'явіўся відэазапіс, дзе я адкідваю слёзатачывую гранату ў бок супрацоўнікаў міліцыі. Такім чынам мяне прыгаварылі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем (так званая «хімія»).
Сям'я вельмі цяжка перажывала той час, пакуль я сядзеў у СІЗА. Асабліва малодшы сын, ён да мяне моцна прывязаны. Калі мяне адпусцілі ў зале суда, мы з жонкай вырашылі, што з'явіўся шанец на выратаванне і трэба з'язджаць.
Не буду хаваць, страшна было ехаць у абсалютна незнаёмую нам краіну з двума дзецьмі. Плюс усе набыткі, якія мы мелі, пайшлі на рамонт новай тады кватэры і на адвакатаў. Пакінуць прыйшлося ўсё, як у маральным (сваякі, сябры, праца), так і ў матэрыяльным (усе дзіцячыя цацкі, адзенне, кватэру) плане. З'язджаючы, бралі мінімум рэчаў.
Апынуўшыся ў бяспецы, мы як быццам вырашылі адну праблему з сотні. Перад намі зараз такая колькасць задач, што рукі апускаюцца! Многія, напэўна, нас зразумеюць, як пачынаць жыццё з нуля ў чужой краіне цяжка і маральна, і матэрыяльна.
Мы з жонкай заўсёды разлічвалі на сябе, працавалі і зарабілі на ўсё, што мелі. А зараз, знаходзячыся ў пошуку жылля, працы, афармляючы дакументы для легалізацыі, мы просім аб дапамозе, бо проста няма на што жыць.
Ад усяго сэрца дзякуем кожнаму, хто можа нас падтрымаць!
Сума збору
€3000
€1800 – арэнда жылля на 4 чалавекі на тры месяцы (+камунальныя)
€500 – рэчы першай неабходнасці, харчаванне
€500 – збіранне дзяцей у школу і сад (школьныя прыналежнасці, адзенне і абутак, стол, цацкі)
€200 – пераклад дакументаў, праезд і сувязь