Каця Бартко папрасіла прытулку ў ЗША праз палітычны пераслед у Беларусі. У выніку памылковага арышту яна апынулася ў лагеры для мігрантаў, без жыццёва неабходных ёй лекаў на валасок ад гібелі. Яе партнёр Дзмітрый просіць аб падтрымцы, каб з дапамогай юрыстаў вызваліць яе з лагера і не даць дэпартаваць у Беларусь.
Мяне завуць Дзмітрый, я звяртаюся да ўсіх неабыякавых людзей па дапамогу ад імя і з дазволу маёй дзяўчыны – Кацярыны Бартко, бо сама яна зараз фізічна не можа гэтага зрабіць: яна знаходзіцца ў іміграцыйным зняволенні ICE* у ЗША, у штаце Канзас. Я яе партнёр і афіцыйна ўпаўнаважаны прадстаўнік па медыцынскіх і юрыдычных пытаннях.
Каця – беларуска, ёй 33 гады, родам з Глыбокага. У 2020 годзе, падчас прэзідэнцкай «кампаніі», яна працавала выкладчыцай – і адмовілася весці сваіх студэнтаў на датерміновае галасаванне за праўладных кандыдатаў, за што была пакараная кіраўніцтвам. Яна выходзіла на мірныя маршы 2020 года і падтрымлівала беларускі дэмакратычны рух, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну адкрыта публікавала антываенныя матэрыялы.
За гэта ж пераследвалі яе блізкіх. Яе былы партнёр пасля пачатку вайны дапамагаў фіксаваць перакідванне расійскай ваеннай тэхнікі, за што быў асуджаны. У аснову яго справы леглі фатаграфіі з мірных маршаў – і на кожнай побач з нім была Каця. Ёй зацікавіліся. Шукалі, дзе жыве Каця, хто яе сябры і сваякі, якімі сацсеткамі і імёнамі яна карыстаецца. Праўладныя каналы апублікавалі іх сумесныя фатаграфіі разам з яго прымусовым «пакаяльным» відэа. А ў кастрычніку 2022 года Кацю прыходзілі шукаць у дом да яе бацькоў.
У сакавіку 2022 года Каця легальна ўехала ў ЗША па студэнцкай візе і ў лютым 2023-га падала заяву аб прытулку. Яна чакала сваёй чаргі, як тысячы беларусаў. Але ў чэрвені 2026 года пасля памылковага арышту па дробнай справе – у далейшым спыненай за адсутнасцю віны, без прысуду і судзімасці, – яна апынулася ў зняволенні ICE.
І тут юрыдычная праблема ператварылася ў пагрозу жыццю. У Каці выдаленая шчытападобная залоза з-за анкалогіі. Для нармальнага функцыянавання ёй трэба прымаць гармоны і кальцый кожны дзень пажыццёва – без іх арганізм адмаўляе за лічаныя дні.
У зняволенні бесперапыннасць лячэння была парушаная: за першыя чатыры дні яе тройчы вывозілі на хуткай, адна з гэтых шпіталізацый была з крытычнымі паказчыкамі, якія пагражалі жыццю. Затым у яе адабралі лекі – і амаль тры тыдні не давалі нічога. Аналізы ТТГ (тырэатропны гармон, які выпрацоўвае шчытападобная залоза альбо прымае ў кшталце таблетак чалавек без шчытападобнай залозы, для падтрымкі функцыянавання арганізма) у Каці па апошніх даных у 33 разы вышэй за норму, ёсць рызыка міксэдэматознай комы – стану са смертнасцю 25–60%.
У вызваленні пад залог ёй адмоўлена па адзінай фармальнай падставе: за мінулыя гады яна некалькі разоў пераязджала з штата ў штат, і гэта палічылі «рызыкай нез’яўлення» на слуханні.
Толькі юрыдычная дапамога і агалоска дапамогуць яе выратаваць. Я не сплю начамі, я пішу сенатарам, у надзорчыя установы, журналістам. Часам апускаюцца рукі. Але потым я ўспамінаю, што агалоска ўжо адзін раз спрацавала – пасля публікацый у прэсе ёй пачалі прыносіць лекі, якіх не было тры тыдні, – і працягваю.
Але юрыдычная абарона ў ЗША – гэта велізарныя для мяне сумы. І таму я прашу вашай дапамогі. Кожнае працэсуальнае дзеянне аплачваецца асобна: падрыхтоўка федэральнага пазову з патрабаваннем неадкладнага лячэння або вызвалення, праца іміграцыйных адвакатаў, кожнае хадайніцтва, кожнае слуханне.
Іміграцыйны суд і абарона па справе аб прытулку – гэта самае галоўнае зараз, каб вызваліць яе з лагера і не даць дэпартаваць у Беларусь.
Што я адчуваю? Страх – кожны дзень, што не паспею. Жанчына, якую я люблю, якая перамагла рак, знаходзіцца за кратамі не за злачынства, а за тое, што папрасіла абароны, – на мяжы жыцця і смерці.
Калі вы беларус ці беларуска, вы ведаеце, чаму Каця не можа вярнуцца дадому. Калі вы проста чалавек, якому неабыякава, – уявіце, што ваш блізкі апынуўся цяжка хворым у чужой краіне, за кратамі, без лекаў. Дапамажыце мне давесці Кацю жывой да яе слухання па прытулку.
Кожны ваш данат наблізіць Кацю да выратавання!
*ICE (Immigration and Customs Enforcement) – гэта іміграцыйная і мытная служба ЗША, якая з 2025 года знаходзіцца ў цэнтры крытыкі за перавышэнне паўнамоцтваў, парушэнне правоў чалавека, разлучэнне сем’яў, негуманнае ўтрыманне людзей пад вартай у цэнтрах затрымання, палітыку масавага набору новых супрацоўнікаў, якія не маюць адпаведнага вопыту працы ці падрыхтоўкі.
Сума збору
€4800
€3900 – юрыдычныя выдаткі за федэральную петыцыю habeas corpus у Акруговым судзе ЗША па акрузе Канзас (з патрабаваннем неадкладнага паўнавартаснага лячэння альбо вызвалення)
€900 – медыцынскія рахункі, выставеныя асабіста Кацярыне за экстранную дапамогу, аказаную ёй падчас знаходжання пад вартай ICE (тры шпіталізацыі з лагера 6–9 чэрвеня 2026 года) і больнічны да аплаты зараз
