Дапамога Ксеніі аплаціць жыллё і прайсці медыцынскае абследаванне

  • Гісторыя

27 лютага 2022 года, на трэці дзень вайны, якую Расея развязала супраць незалежнай Украіны, я выйшла ў цэнтр Горадні з плакатам А4: «Не вайне з Украінай». Гэта быў мой асабісты пратэст, выклік сістэме, спроба абараніць свае перакананні.

Я прастаяла агулам 5-7 хвілін, перш чым да мяне падышлі супрацоўнікі ў форме. Яны сказалі, што я парушаю закон, і абвінавацілі мяне ў «незаконным пікетаванні». Мяне павялі з плошчы на ​​бакавую вуліцу для чакання нараду. Загадалі схаваць плакат, але я адмовілася: «няхай людзі бачаць, за што мяне затрымліваюць».

У РУУС Ленінскага раёна Горадні мяне абшукалі, забралі тэлефон і пачалі допыт. Супрацоўнікі вінавацілі мяне ў тым, што яны «вымушаныя сядзець тут, замест таго каб быць з дзецьмі». Пазней тэлефон стаў прычынай новага вітка ціску: у ім знайшлі падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Мяне запалохвалі і пагражалі, спрабуючы выведаць інфармацыю пра чат-бот «План Перамога». Пад ціскам я напісала, што зарэгістравалася ў гэтым чат-боте, хаця завяршыць рэгістрацыю не паспела. Я тады яшчэ спадзявалася, што гэтая гісторыя скончыцца для мяне штрафам.

Але штраф быў толькі пачаткам. Мяне адправілі ў Гарадзенскае СІЗА на тры дні. 1 сакавіка адбыўся суд, на якім мне прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічыняў. А на наступны дзень, я, як прыкладная студэнтка, пайшла ва ўніверсітэт, яшчэ не ведаючы, што мяне чакае.

Раніцай 2 сакавіка з ператрусам прыйшоў ГУБАЗ у інтэрнат, дзе я жыла. Мяне забралі наўпрост з лекцыі. Пачаліся новыя допыты, пагрозы і патрабаванні запісаць відэа з «прызнаннем». Пазней мяне адвезлі ў Следчы камітэт, дзе мне паказалі крымінальную справу па артыкуле 361.1*. Мне далі статус сведкі і прымусілі падпісаць дакумент аб неразгалошванні.

Пасля гэтага я вярнулася да вучобы, але ненадоўга. 9 сакавіка мне вынеслі вымову за «прагулы» з 27 лютага па 1 сакавіка — дні, калі я знаходзілася пад арыштам. А 17 сакавіка ўніверсітэцкая Рада прафілактыкі прагаласавала за маё адлічэнне – 8 галасоў «за», 7 «супраць». Прычыны? Мой удзел у ланцужку салідарнасці ў жніўні 2020 года, валантэрства ў шпіталі пасля рэпрэсій АМАПу, выкананне «апазіцыйных» песень. Я была адной з найлепшых студэнтак факультэта, але гэта мяне не выратавала: 3 красавіка загад аб адлічэнні быў падпісаны рэктаркай Ірынай Фёдараўнай Кітурка.

4 красавіка да маіх бацькоў дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Мяне там не аказалася, інакш гэта стала б маім трэцім затрыманнем. Разумеючы, што заставацца ў Беларусі небяспечна, я пачала афармляць дакументы для выезду. 24 красавіка я атрымала польскую гуманітарную візу, а 4 траўня пакінула краіну.

Я прыехала ў Польшчу адна, без сяброў і сваякоў, маючы ў кішэні ўсяго 1000 долараў. Я старалася максімальна самастойна стаць на ногі: вывучыла мову, знайшла працу, спрабавала працягнуць вучобу. Але мне давялося выбіраць: ці вучоба, ці праца.

Наступны ўдар прыйшоў нечакана. У сакавіку 2023 года памёр мой хросны тата, які быў для мяне блізкім чалавекам. Гэта была вялізная страта, ад якой я доўга не магла акрыяць. А ў кастрычніку таго ж года я сутыкнулася з падазрэннем на рак грудзей. Тыдні чакання вынікаў абследавання былі невыноснымі, але дыягназ, на шчасце, не пацвердзіўся. Аднак кожныя паўгода я мушу абследавацца, каб дабраякаснае ўтварэнне не павялічвалася. Цяпер я рыхтуюся да аперацыі.

У лютым 2024 года я страціла яшчэ аднаго блізкага чалавека – майго бацьку. Яго смерць стала другім цяжкім ударам, і да гэтага часу я спрабую справіцца з гэтым болем.

Усю гэтую барацьбу я праходжу без падтрымкі бацькоў. Але я не здаюся. Нават пазбавіўшыся дому, вучобы і звыклага жыцця, я застаюся вернай сваім прынцыпам.

Сабраныя сродкі дапамогуць мне аплаціць жыллё, вырашыць пытанні па здароўі, знайсці новую працу і працягнуць змагацца за сваю будучыню. Любая дапамога – гэта не толькі фінансавая падтрымка. Гэта знак, што мая гісторыя мае значэнне, а я не адна.

*арт 361.1 КК РБ – стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім.

Сума збору

€3000

€1800 – арэнда кватэры на 4 месяцы. Гэты час мне трэба, каб звольніцца са старой працы і знайсці новую.
€1200 – медыцынскае абследаванне. Аперацыю (калі яна будзе) пакрые страхоўка. Аднак мне ў любым выпадку трэба прайсці праз мноства працэдур і аналізаў, каб закрыць гэтую тэму.

Сабрана:
€ 455 з 3 000