«Мы атрымалі шанец вучыцца, але можам страціць яго праз выдаткі на жыллё і ежу»

  • Гісторыя

Уладзіслаў тры месяцы працаваў на будоўлі, каб назбіраць на навучанне, але працадаўца так і не заплаціў. Цяпер новая сям’я палітэмігрантаў ужо ў Варшаве і можа страціць месцы ў праграме Каліноўскага.

Мы з жонкай толькі што пераехалі ў Варшаву вучыцца па праграме Каліноўскага. Мы доўга да гэтага ішлі. Цяпер мы стаім перад выбарам: застацца і вучыцца далей ці вярнуцца ў Літву, зноў хапацца за любую працу і, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад праграмы.

Мяне завуць Уладзіслаў Астапенка-Крамчанін. Я ўжо шосты год у эміграцыі, і ўвесь гэты час было адчуванне, што я проста выжываю. Нармальнай адукацыі і прафесіі, з якой можна планаваць будучыню, у мяне так і не з’явілася. З жонкай мы пазнаёміліся ў Літве, яна таксама палітычная бежанка. Разам падаліся на праграму Каліноўскага, прайшлі адбор і прыехалі ў Польшчу. Першы год падрыхтоўчы: польская мова і профільныя прадметы, потым навучанне па спецыяльнасці.

Да пераезду я рыхтаваўся загадзя: уладкаваўся на будоўлю ў Літве, каб адкласці грошы. Праца была цяжкая, але абяцалі добры заробак, і я разумеў, з якой мэтай гэта раблю. У выніку працадаўца нас абдурыў і не заплаціў за тры месяцы. Такіх у брыгадзе было каля трох дзесяткаў чалавек. Афіцыйна нас аформілі на мінімалку, а асноўны заробак проста не аддалі. Для мяне гэта быў моцны ўдар, але мы ўсё роўна паехалі, бо не хацелі ўпускаць свой шанец.

Па новых правілах у Польшчы нельга адразу ўладкавацца на працу, пакуль не аформленыя дакументы. Стыпендыя па праграме каля 1500 злотых, а на дваіх у Варшаве гэтага не хапае. Атрымліваецца, шанец вучыцца ў нас ёсць, а грошай, каб пражыць першыя месяцы, няма.

Я з Магілёва. У 2020 годзе мне было 18, я вучыўся ў Мінску і пасля выбараў выйшаў на вуліцу, як тысячы іншых беларусаў. Мяне затрымалі ўначы 9 жніўня. На Акрэсціна я ўбачыў збітых, акрываўленых людзей, якія ледзь трымаліся на нагах. У камеры на чацвярых нас было больш за трыццаць. Потым быў суд, адміністратыўка, пагроза крымінальнай справы, і ў 2021 годзе мне прыйшлося з’ехаць.

У Літве я атрымаў статус бежанца. Першыя гады было непроста: працаваў нелегальна і шукаў любы спосаб замацавацца. Калі сам прайшоў праз усе кругі бюрократыі, пачаў дапамагаць іншым беларусам разбірацца, куды ісці і якія паперы збіраць. Яшчэ валанцёрыў: сартаваў адзенне, прывозіў ежу, удзельнічаў у жыцці супольнасці.

Цяпер падтрымка патрэбная нам. Толькі на самае базавае, каб пратрымацца першыя два месяцы, не кінуць навучанне і не страціць гэты шанец. Вельмі хочацца, каб наша жыццё ў эміграцыі нарэшце перастала быць бясконцым выжываннем.

Сума збору
€2000

€1400 – арэнда жылля і камунальныя плацяжы на першыя 3 месяцы
€600 – ежа і іншыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 2 000