Дабраміры кожны дзень патрэбныя мінімум тры інгаляцыі, Яніславу – тэст-палоскі, іголкі і заняткі са спецыялістамі. Іх мама ў зняволенні ў Беларусі, а бацька, Ян Папковіч, сам амаль чатыры гады правёў за кратамі і цяпер адзін аплочвае лячэнне дзяцей ва Ўроцлаве.
Мяне завуць Ян Папковіч. З канца жніўня мы з сынам і дачкой жывём ва Ўроцлаве. Іх мама зараз у зняволенні ў Беларусі, заставацца ў краіне яны папросту не маглі. Дзяцей прывезлі мае бацькі, яны таксама пераехалі ў Польшчу. Цяпер мы разам, і дзеці ў бяспецы. Але ў абодвух сур’ёзныя захворванні, і ўсё іх лячэнне цяпер на мне.
У Яніслава дыябет першага тыпу і аўтызм. Інсулін мы атрымліваем бясплатна, але іголкі для шпрыц-ручак, тэст-палоскі і таблеткі на выпадак гіпаглікеміі прыходзіцца купляць ці даплачваць за іх. Плюс заняткі са спецыялістамі праз аўтызм, іх я аплачваю сам. У Дабраміры мукавісцыдоз: у арганізме выпрацоўваецца занадта густы і вязкі сакрэт, і ён замінае нармальнай працы ўнутраных органаў. Кожны дзень у яе мінімум тры інгаляцыі і дыхальная гімнастыка. Пастаянна патрэбныя фізраствор, гіпертанічны раствор, вітаміны, высокакаларыйнае харчаванне, а раз на год – новы дыхальны трэнажор.
Я беларус, спартсмен, працаваў у інкасацыі. У жніўні 2022 года мяне прызналі найлепшым інкасатарам банка, а 31 жніўня я звольніўся, бо мы збіраліся з’язджаць у Польшчу. Праз два дні, напярэдадні ад’езду, мяне затрымалі. Амаль чатыры гады я правёў у зняволенні за свае перакананні. Сядзець склаўшы рукі не ўмею: у СІЗА трэніраваў хлопцаў у камеры на 30 чалавек, у калоніі купляў прадукты тым, каму не хапала. Пасля вызвалення мяне прымусова выправадзілі з краіны, і ў снежні 2025 года я апынуўся ў Польшчы. Пачынаць прыйшлося практычна з нуля, і першай справай я стаў разбірацца, як перавезці да сябе дзяцей.
Цяпер мы паступова ўладкоўваемся. Дзеці пайшлі ў польскую школу, знаёмяцца з новымі людзьмі, вучаць мову. Я працую трэнерам па боксе, кікбоксінгу і тайскім боксе, вучу польскую. Толькі даход у трэнера нестабільны: колькі прыйдзе вучняў, залежыць ад таго, як спрацуе рэклама. Я стараюся надаваць дзецям максімум увагі і вяртаць ім адчуванне стабільнасці і бяспекі. Пасля ўсяго, праз што прайшла наша сям’я, для мяне самае галоўнае, каб яны маглі спакойна вучыцца, расці і проста жыць звычайным дзіцячым жыццём.
Але майго заробку пакуль недастаткова, каб пакрываць лячэнне дзяцей, арэнду жылля і штодзённыя выдаткі. Збор дапаможа нам пратрымацца бліжэйшыя месяцы, пакуль я не стану на ногі. Мы яшчэ толькі пачынаем гэты шлях, наперадзе шмат цяжкасцей, але я раблю ўсё магчымае, каб у дачкі і сына была нармальная будучыня. Буду ўдзячны кожнаму, хто дапаможа нам прайсці гэты этап і рухацца далей.
Сума збору
€5000
€2000 – арэнда жылля на некалькі месяцаў
€2000 – лячэнне дзяцей
€1000 – прадукты на ўсю сям’ю, транспарт і іншыя выдаткі
