У 2020 годзе Ян* быў занадта малады, каб удзельнічаць у пратэстах наўпрост, але ўжо тады задаваўся пытаннямі: чаму затрымліваюць мірных людзей, адкуль бярэцца дзяржаўны гвалт, чаму ніхто не нясе за гэта адказнасці. Паступова ён стаў адчуваць сябе часткай беларускага супраціву, размаўляючы з аднадумцамі.
«У 16 гадоў я свядома выбраў пазіцыю супраць дыктатуры, – кажа малады чалавек. – Мой светапогляд сфарміраваўся пад уплывам гісторыі і стасункаў з аднадумцамі. Так, мы ёсць у Беларусі: людзі, якія супраць расійскай акупацыі і таго, што рэжым Лукашэнкі з ёй супрацоўнічае».
Ян вядзе з Беларусі гісторыка-папулярны Telegram-канал патрыятычнага накірунку, распаўсюджвае інфармацыю пра рэпрэсіі, займаецца кібербяспекай і кансультуе іншых актывістаў па гэтых пытаннях.
«Паўгады я дасылаў сабраныя мной і іншымі людзьмі дадзеныя, у асноўным фота і відэа, у праект «Гаюн», – распавядае беларус. – Таксама займаўся арганізацыяй лічбавай абароны некаторых лакальных ініцыятыў у Беларусі».
Малады чалавек вучыцца і працуе, але ў сувязі з арыштамі калег і ўдзельнікаў сумежных ініцыятыў па справе «Гаюна» ён упэўнены, што да яго могуць прыйсці ў любы момант.
Цяпер Ян збірае грошы на эвакуацыю: яму трэба атрымаць візу, выехаць у бяспечную краіну і пратрымацца там першыя месяцы.
«Грошы патрэбныя на крытычна неабходныя выдаткі: харчаванне, праезд, базавыя патрэбы на першыя два месяцы ў эміграцыі і жыллё, – падкрэслівае Ян. – Супраціўленне сістэме ўнутры краіны – гэта пастаяннае жыццё з аглядкай. Цяпер я разумею, што мне трэба з'язджаць, каб выратавацца ад турмы».
Беларус просіць аб падтрымцы ўсіх, хто разумее, наколькі небяспечна заставацца ў краіне апазіцыйна настроеным актывістам. Дапамога яму – гэта не проста перавод, а ўнёсак у выратаванне яго свабоды і жыцця.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенеравана з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2000
€350 – візавыя выдаткі і квіткі
€1200 – арэнда жылля на новым месцы
€450 – бытавыя патрэбы і харчаванне