Падтрымка беларускага актывіста пасля пераезду ў Польшчу

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Скуратовіч Іван.

Мая палітычная дзейнасць пачалася з выбараў 2001 году, калі я далучыўся да ініцыятыўнай групы Ўладзіміра Ганчарыка. Я быў тады малады і поўны надзей. Я верыў, што змагу змяніць сваю краіну да лепшага. І неўзабаве мае энтузіязм і энэргія прывялі мяне да таго, што я стаў кіраўніком Рагачоўскага раённага аддзялення моладзевага руху «ЗУБР» з 2004 па 2006 гады.

ЗУБР – беларускі моладзевы рух негвалтоўнага супраціву, актыўны ў 2000-х гадах, які выступае за дэмакратычныя змены і правы чалавека. Рух ладзіў акцыі пратэсту і інфармацыйныя кампаніі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на ​​жорсткія рэпрэсіі з боку ўладаў.
Заўвага BYSOL

У 2006 годзе я стаў сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, а ў 2010 годзе – Яраслава Раманчука. Актыўная грамадзянская пазыцыя прывяла мяне да ўдзелу ў пратэстах на плошчы Незалежнасці. Я змагаўся за справядлівасць і дэмакратыю, але гэтая барацьба мела сваю цану. Калі ў 2014 годзе я паспрабаваў патрапіць у мясцовую раду дэпутатаў, я сутыкнуўся з жорсткім прэсінгам уладаў і быў вымушаны звольніцца з працы.

З 2014 па 2015 гады я быў актыўным сябрам ініцыятывы «Гавары праўду» і неаднаразова падвяргаўся затрыманням і адміністрацыйным арыштам. У 2015 годзе я далучыўся да ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч. Аднак, расчараваўшыся ў пастаянных няўдачах, у 2016 годзе я пакінуў краіну і з'ехаў у Расею, дзе заставаўся да зімы 2019 года.

Пасля вяртання ў Беларусь, я пасяліўся ў невялікім пасёлку Доўск і ўладкаваўся працоўным па доглядзе саду. А ў 2020 годзе я нібыта адчуў другое дыханне і шмат агітаваў, ездзіў у Рагачоў на мітынгі і пратэстовыя шэсці.

Пасля таго, як пачалася вайна, я сутыкнуўся з адсутнасцю разумення з боку людзей, якія акружалі мяне. Многія аднапасяляне смяяліся з няўдач 2020 года і падтрымлівалі Расею ў яе агрэсіі. Нават дома размовы з блізкімі часта заканчваліся скандалам. А потым я патрапіў пад міліцэйскі рэйд, падчас якога ў мяне знайшлі падпіску на «Люстэрка» у Instagram і далі 7 сутак арышту, якія сталі самым жорсткім выпрабаваннем у маім жыцці.

Мяне вадзілі па калідорах выключна тварам долу са скаванымі за спінай рукамі. За гадзіну да праверкі і гадзіну пасля, мяне закоўвалі рукі ў кайданкі за спінай. Мы спалі на голых нарах, па 8-13 чалавек у двух-трохмясцовых камерах. Не дазваляліся перадачы, не давалі курыць, кіпеню, не было нават сродкаў гігіены, у тым ліку туалетнай паперы. Пасля арышту мяне звольнілі з працы і змясцілі пад пракурорскі нагляд, які прадугледжваў перыядычныя ператрусы і надгляд тэхнікі.

Разумеючы, што спакою мне не дадуць, я прыняў рашэнне пераехаць у Польшчу. І цяпер у свае 43 гады я сутыкаюся з новымі цяжкасцямі: залішняя вага і спадарожныя хваробы, адсутнасць працы і няведанне мовы. І я прашу вашай дапамогі, каб наладзіць новае жыццё.

А яшчэ я не губляю надзеі і працягваю верыць у тое, што калі-небудзь змагу вярнуцца дадому і пабачыць сваю краіну вольнай і дэмакратычнай.

Сума збору:

€2000

€340 – інтэнсіўны курс польскай мовы (https://ru.together.edu.pl/intensiw)
€660 – пакой на 3 месяцы
€1000 – ежа і бытавыя выдаткі на бліжэйшыя 2-3 месяцы, пакуль я буду шукаць працу

:
€ 2 010
Збор завершаны. Сабрана: € 2 010