Мяне клічуць Іван Ракіць.
Сам я з Брэста, браў удзел у мірных пратэстах 2020 года.
Мяне затрымалі ў сакавіку 2021 года і асудзілі не толькі за ўдзел у пратэстах, але і за «супраціўленне супрацоўніку міліцыі». Я сваёй віны не прызнаў. У абвінавачвання не знайшлося даказаў маёй віны, але гэта не перашкодзіла суду прыгаварыць мяне да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.
За свой тэрмін, які я адбыў поўнасцю, мяне перыядычна адпраўлялі ў ШІЗА*. Артыкул мой лічыўся палітычным, таму да мяне была асаблівая ўвага адміністрацыі калоніі. Шукалі любую нагоду, каб у маіх паводзінах знайсці парушэнні і адправіць у штрафны ізалятар.
Напрыклад, па правілах калоніі перамяшчацца па тэрыторыі аднаму без суправаджэння забаронена. Аднойчы я з двума іншымі палітзняволенымі ішоў пасля званка родным да сябе ў барак. У гэты момант намеснік начальніка лагера аформіў на нас тры акты аб парушэнні за адзіночнае хаджэнне з розніцай у дзве хвіліны, хаця ж мы ўтрох ішлі разам. Тады я атрымаў 5 сутак у ШІЗА. А за ўвесь тэрмін па такіх прыцягнутых за вушы абвінавачваннях я правёў у ШІЗА 33 содні.
У 2023 годзе пасля майго вызвалення сілавікі працягвалі ціснуць на мяне і маю сям'ю за тое, што мы атрымлівалі дапамогу ад гуманітарных ініцыятыў. Акрамя гэтага, я як былы палітвязень састаяў на прафуліку** ў міліцыі. Хадзіў рэгулярна адзначацца ў РАУС, за мной быў замацаваны опер, які мог прыехаць з праверкай у любы час дня і ночы, ці выклікаў на размовы да сябе. Я здаў адбіткі пальцаў і ДНК, як заўзяты злачынец.
Гэта было невыносна: два з паловай гады я марыў выйсці на волю, але на волі волі я не знайшоў. А перспектыва з трыма парушэннямі прафуліку зноў апынуцца ў турме надала мне ўпэўненасці ў рашэнні эвакуіравацца ў Польшчу.
Доўгі час у Польшчы я чакаў рашэння па сваю міжнародную абарону і вось нарэшце атрымаў статус уцекача. Увесь гэты час чакання легальнага статусу мне ўдавалася перабівацца нячастымі падпрацоўкамі, якія ледзь пакрывалі мае абавязковыя выдаткі. Але апошнім часам даводзіцца нават пазычаць, бо я цяпер рыхтуюся да працы і праходжу стажыроўку. Часу на падпрацоўку няма, а зарабляць нармальна я яшчэ так і не пачаў.
Прашу дапамагчы мне акрыяць нарэшце духам, стаць на ногі і перастаць жыць з працягнутай рукой.
Буду ўдзячны за любы донат!
*ШІЗА (штрафны ізалятар) у беларускай турме – гэта памяшканне, куды зняволеныя могуць быць змешчаныя за розныя парушэнні турэмнага рэжыму. Гэта своеасаблівая форма пакарання ўнутры турмы, якая прымяняецца да тых, хто парушае дысцыпліну або правілы, устаноўленыя адміністрацыяй.
**Прафулік (прафілактычны ўлік) – паводле заканадаўства РБ, гэта назіранне за паводзінамі грамадзяніна, у мэтах папярэджання з яго боку падрыхтоўкі ці здзяйснення правапарушэнняў. Фактычна ўключае ў сябе раптоўныя праверкі па месцы жыхарства, у тым ліку ў начны час, рэгулярныя адзнакі ў аддзяленні міліцыі, праверку змесціва тэлефона.
Сума збору
€2400
€1400 – арэнда жытла на 2 месяцы, пакуль стажыруюся і не магу нармальна зарабляць
€500 – адзенне па сезоне
€500 – аддаць даўгі