Іван* шмат гадоў аддаў працы на карысць развіцця культуры ў Беларусі. Праз свае палітычныя погляды і пераслед згубіў магчымасць працаваць – гэта не толькі яго карміла, але і з’ялялася сэнсам яго жыцця. Стан здароўя Івана не дае выехаць за мяжу ў пошуках лепшай долі, але і ў Беларусі перспектыў пакуль няма.
Я нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Беларусі. З радасцю сустрэў незалежнасць нашай краіны і крушэнне савецкай імперыі.
Усё сваё свядомае жыццё, больш за 30 гадоў, аддаў я сваёй працы, якую лічу справай усяго свайго жыцця. Прапрацаваў больш за 30 год у сферы культуры, апошнія 10 год дадаткова займаўся асветніцтвам ў сацыяльных сетках, а апошнія два з паловай гады выключна ў іх.
За ўдзел у дэманстрацыях 2020 года, а таксама за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы» быў спачатку аштрафаваны, а потым двойчы адбыў адміністратыўныя содні ў пакутніцкіх умовах як «палітычны».
Пасля гэтых зневажальных чалавечую годнасць содняў пад выглядам прагулаў быў звольнены са свайго месца працы, дзе прапрацаваў больш за 20 гадоў. З таго моманту я так і не знайшоў іншай установы, якая б мяне працаўладкавала. Звальненнем мяне фактычна пазбавілі права на працу і права на прафесію.
Змяніць прафесіянальную сферу з разумовай на больш простую фізічную мне не дазваляе стан майго здароўя. У свае гады маю шмат хранічных захворванняў, мне трэба рэгулярна прымаць лекі і назірацца ў дактароў.
У сваім прафесійным абшары нават без афіцыйнага працаўладкавання я займаюсь даследваннямі, напісаў некалькі кніжак. Яны пакуль чакаюць свайго часу, бо не маю магчымасці выдаць іх на радзіме. У замежжа з’ехаць не дазваляе стан здароўя. Ды і з маёй спецыяльнасцю для мяне практычна немагчыма ўладкавацца на працу за мяжой.
Неафіцыйна падпрацоўваю, наколькі гэта магчыма, рознымі перакладамі, наборам тэкстаў, вучэбнымі работамі, але сродкаў хапае толькі на вельмі сціплае харчаванне.
Набыццё лекаў, адзення і абутку, аплаты за камунальныя паслугі і іншае мне ўжо не па кішэні. За амаль тры гады адзенне і абутак знасіліся, бо амаль нічога не набываў. Са страхам думаю пра свой стары тэлефон – калі ён сапсуецца, я страчу як магчымасць калі-нікалі падпрацоўваць, так і ўвогуле сувязь з сусветам.
Буду ўдзячны за падтрымку.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя героя і дэталі гісторыі. Выява згенеравана пры дапамозе ШІ.
Сума збору
€2500
€1100 – адзенне, абутак і харчаванне на бліжэйшыя паўгады
€650 – аплата камунальных паслуг, інтэрнэта
€450 – новы телефон
€300 – лекі, якія я прымаю пастаянна
