Добры дзень!
Маё имя – Ірына Шчасная.
У 2020 годзе я была рэдактарам шэрагу тэлеграм-каналаў, асвятляла акцыі пратэстаў да і пасля выбараў, факты гвалту і рэпрэсій супраць мірных беларусаў. У мэтах бяспекі я жыла некалькі месяцаў ва Ўкраіне, але ўвесь гэты час вельмі сумавала па родных. Я пераканала сябе ў тым, што калі ў сваёй дзейнасці не заклікала да гвалту, то рэпрэсіі мяне не закрануць і вярнулася дадому.
18 лістапада 2020 года ў маю кватэру ўварваліся сілавікі, правялі ператрус і арыштавалі мяне на вачах ўсёй сям'і. Я была абвінавачана ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў па крымінальным артыкуле (арт. 293 КК РБ. – Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і 25 траўня 2021 года суд прысудзіў мне 4 гады пазбаўлення волі.
У калоніі я рэгулярна падвяргалася ціску з боку супрацоўнікаў калоніі: на мяне складаліся фальшывыя рапарты, накладваліся разнастайныя спагнанні. У выніку гэтага на волю я выйшла з прэвентыўным наглядам*, як злосная парушальніца рэжыму. Атрымлівалася, што яшчэ некалькі гадоў маё жыццё будзе падобнае на турму. Было невыносна ад перспектывы зноў жыць па рэжыме і ўвесь час баяцца нешта парушыць, каб не апынуцца ў калоніі. Мне спатрэбілася два дні, каб ацаніць сітуацыю, прыняць рашэнне і пакінуць краіну. Аб перажытым я распавяла ў інтэрв'ю «Люстэрку», на канале Сяргея Бяспалава Bes Live і «Нашай ніве».
Я выйшла на волю 29 чэрвеня 2024 года ў свой дзень нараджэння. Гэта магло б стаць падвойным святам, але ў той дзень я зусім не адчувала радасці. Пасля некалькіх турэмных гадоў у страху і стрэсе свабода здаецца страшнай і невядомай. Я выйшла з вельмі расхістанай нервовай сістэмай, і да гэтага часу не магу цалкам ачуняць.
Але я знайшла ў сабе сілы звярнуцца па фінансавую дапамогу, бо яна мне вельмі патрэбная зараз. Спяшаючыся выехаць, я не паспела забраць са Следчага камітэта свае грошы, адабраныя падчас ператрусу. У мяне няма ніякіх асабістых рэчаў, і набыць іх няма магчымасці. Па рашэнню суда ўся мая тэхніка – тэлефоны, камп'ютар – была знішчана і мне хацелася б яе зноў набыць. Мне вельмі патрэбна прывесці ў парадак сваё здароўе, я маю шмат псіхалагічных праблем, якія мне без спецыялістаў ня вырашыць. У чужой краіне я асабліва адчуваю сваю адзіноту, і з мэтай адаптацыі і інтэграцыі планую вучыць польскую мову. Гэта ўсё вымагае грошай, якіх я не маю.
У Польшчы ў мяне нікога няма, акрамя маёй сям'і і вас. Гэтыя амаль 4 гады проста выкраслены з майго жыцця. Розумам і сэрцам я па-ранейшаму ў 2020 годзе і нягледзячы на той жахлівы шлях, які я прайшла, я яшчэ веру ў нашу салідарнасць.
Ад усяго сэрца дзякую кожнаму, хто можа падтрымаць мяне ў гэты цяжкі час!
Сума збору
€4500
€1200 – арэнда кватэры на 2 месяцы
€1000 – купіць ноўтбук і тэлефон (спасылак не маю, бо куплю, на якія хопіць грошай)
€900 – мне трэба прайсці медабследаванне пасля калоніі ў розных дактароў, мой псіхалагічны стан патрабуе працяглы курс тэрапіі, кансультацыю псіхатэрапеўта і магчыма медыкаменты
€800 – адзенне і абутак па сезоне, прадметы першай неабходнасці
€600 – курсы польскай мовы, каб неяк адаптавацца тут
*Прэвентыўны нагляд – гэта мера кантролю, якая ўжываецца да людзей пасля іх вызвалення. Ён вызначае знаходжанне ў кватэры з 22.00 да 6.00, выезд з горада толькі па ўзгадненні з органамі ўнутраных спраў, забарона на наведванне масавых мерапрыемстваў, і іншыя формы кантролю