Фінансавая дапамога былому палітвязню на ўладкаванне жыцця ў Польшчы

  • Гісторыя

Добры дзень, дарагія сябры!
Мяне завуць Фёдараў Ігар. Да снежня 2020 года я працаваў інжынерам-механікам на авіярамонтным заводзе ў Баранавічы. Ад жніўня 2020 года прымаў актыўны ўдзел у пратэстовай дзейнасці — удзельнічаў у шматлікіх акцыях у Баранавічах і Менску, арганізоўваў акцыі салідарнасці і збор подпісаў за спыненне гвалту і правядзенне новых сумленных выбараў на сваім прадпрыемстве. Праз гэта неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю дзейнасць. У снежні 2020 года за сваю палітычную пазіцыю я быў звольнены з працы.

У жніўні 2021 года праз навіслую пагрозу далейшага пераследу пакінуў Беларусь і пераехаў у Польшчу, дзе пражываў да 27 лютага 2022 года. Пасля пачатку вайны ўва Ўкраіне я вярнуўся ў Беларусь. Чаму? Хацеў паказаць, што я не баюся, хацеў сказаць, што я супраць. Цяжка зараз апісаць коратка тое, што адбывалася тады ўнутры, але рашэнне вярнуцца, нягледзячы на верагоднасць крымінальнага пераследу, я прыняў тады без асаблівых ваганняў.

27 лютага 2022 года я быў затрыманы пасля выхаду з выбарчага ўчастка (27 лютага 2022 года ў Беларусі адбыўся рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь — заўв. BYSOL) падчас акцыі пратэсту супраць вайны ўва Украіне. За ўдзел у акцыі быў пакараны штрафам у памеры 90 базавых велічыняў, а за публікацыю з рэзкай крытыкай вайны ў Instagram на мяне была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 368 (арт. 368 КК РБ — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Па гэтым артыкуле пасля я быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі і адбыў увесь тэрмін цалкам. Пасля вызвалення, праз пагрозу далейшага крымінальнага пераследу, быў эвакуаваны з Беларусі камандай BYSOL.

Цяпер пачынаю жыццё з чыстага ліста. Пакідаць Беларусь давялося спешна, таму на афармленне візы часу асабліва не было. Цяпер, да прыняцця канчатковага рашэння аб прадастаўленні мне міжнароднай абароны Польшчай, не магу легальна працаўладкавацца.

Шчыра, вельмі няёмка звяртацца па дапамогу, і гэты зварот да вас, дарагія сябры, садзіўся пісаць на працягу цэлага тыдня ўжо разоў дзесяць. Мне дапамога патрэбна толькі на першы час — на арэнду пакоя, куплю прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, аплату праязных дакументаў. А далей я сам. Апраўдваю сабе гэтую просьбу тым, што ў далейшым, калі ўстану на ногі, гэтак жа буду дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў дапамозе!

Сума збору:

€1695

€900 – арэнда пакоя (€300 x 3 месяцы)
€690 – купля прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці (€230 х 3 месяцы)
€105 – аплата праязнога дакумента (€35 х 3 месяцы)

:
€ 1 695
Збор завершаны. Сабрана: € 1 695