Пасля траўмы тазасцегнавага сустава на перыяд рэабілітацыі Ігару патрэбна дапамога

  • Гісторыя

Пяць гадоў таму Ігар быў збіты сілавікамі, і атрыманая траўма да гэтага часу ўплывае на стан здароўя мужчыны. Апынуўшыся ў эміграцыі, ён сутыкнуўся з тым, што не можа паўнавартасна працаваць праз гэта. Каб мужчыне аднавіцца і прайсці рэабілітацыю, яму патрэбна падтрымка на гэты перыяд.

«Маё імя – Ігар. Да 2020 года я жыў у Менску і працаваў эканамістам. На адным з мірных пратэстаў я быў затрыманы АМАПам і спэцназам. Мяне тады жорстка збілі, у выніку чаго я атрымаў цяжкую траўму тазасцегнавага сустава.

У той час мая гісторыя была асветлена ў СМІ і з аперацыяй мне дапамагла дабрачынная арганізацыя «Імёны Медыя» (аплаціла аперацыю, арганізавала ўсе працэдуры і прэпараты для лячэння). Пасля аперацыі мне ўсталявалі эндапратэз, і зараз я жыву з абмежаваннямі па здароўі.

Пасля затрымання я страціў працу, апынуўся пад палітычным пераследам. За мае каментары наконт правакацыі ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага я зараз у вышуку за абразу прадстаўніка ўлады. За каментар у Аднакласніках у адносінах да Лукашэнкі да мяне прыходзілі з ператрусам (апісалі мікрахвалёўку, стары тэлевізар і стол). Мой TikTok-канал прызнаны «экстрэмісцкім».

Праз гэты ціск я быў вымушаны пакінуць Беларусь і зараз знаходжуся ў эміграцыі без стабільнага прыбытку і падтрымкі, у вельмі складанай сітуацыі.
Мая нага патрабуе рэабілітацыі, каб я здолеў знайсці сабе фізічную працу і аплачваць жыллё і харчаванне. Пакуль мой стан здароўя не дазваляе мне адшукаць больш-менш аплатную працу.

Я прашу дапамагчы мне са сродкамі на жыллё, лячэнне і базавыя патрэбы, каб аднавіцца, прайсці рэабілітацыю і пачаць новае жыццё.

Сябры, прашу вашай падтрымкі. Любы ваш унёсак – гэта не толькі дапамога мне асабіста, але і праява салідарнасці з тысячамі беларусаў, якія пацярпелі за свабоду і справядлівасць. Ваша дапамога дасць мне шанец устаць на ногі і зноў быць карысным грамадству».

Сума збору
€2500

€1500 – арэнда кватэры на тры месяцы
€500 – лекі, кансультацыі лекараў
€500 – адзенне па сезоне, харчаванне
 

Сабрана:
€ 100 з 2 500