Дапамога Уладзіміру — палітычнаму актывісту, які пакінуў Радзіму праз крымінальны пераслед

  • Гісторыя

Мяне клічуць Уладзімір, я – палітычны актывіст, сябра Руху за Свабоду, які ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях і пратэстах у Баранавічах з 2017 года. Асабліва актыўна стаў бараніць сваю грамадзянскую пазіцыю пасля выбараў 2020 года. 9 жніўня быў затрыманы каля выбарчага ўчастка. Спачатку начальнік Нясвіжскага ДАІ склаў на маю машыну 4 пратаколы, у тым ліку за «Пагоню» на лабавым шкле. Потым мяне забралі ў РАУС, дзе склалі пратакол па артыкуле 23.34.

З міліцыі я патрапіў у Нясвіжскую лякарню з гіпертанічным крызам, адкуль адразу ўцёк у Баранавічы, дзе далучыўся да пратэстаў. Бачыў, як міліцыя граміла машыны простых людзей. Бачыў кожнае здзяйснянае злачынства. Збіраў людзей на пратэсты, выходзіў практычна на ўсе акцыі.

Яшчэ раз быў затрыманы, але зноў лёг у лякарню, калі на наступны дзень з'явіліся карнікі з пратаколамі. Я не падпісаў. Потым мяне чакаў суд і штраф велічынёй 40 базавых. Нягледзячы ні на што, я працягнуў сваю пратэсную дзейнасьць. 18 лістапада 2020 года мяне выклікалі ў падатковую, дзе затрымалі. Аказалася, за затрыманне 9 жніўня суд завочна арыштаваў мяне на 10 сутак. У Баранавіцкім ІЧУ мяне чакалі допыты, паліграф і спроба завербаваць, але беспаспяхова. У гэты дзень у маёй хаце адбыўся ператрус: канфіскавалі кампутар, ноўтбук, страйкбольная зброя і рыштунак. Пасля ўсё вярнулі, бо нічога не знайшлі, а вось страйкбольная зброя вярнулі ў сапсаваным выглядзе.

Выйшаўшы з сутак я працягнуў весці бізнэс, але ўжо беспаспяхова. Пачаліся праблемы: банк пачаў душыць, праверак было столькі, колькі за пяць гадоў да гэтага не было, і, адпаведна, штрафы. Пачаліся праблемы з арэндадаўцамі. Да сярэдзіны лета я цалкам згалеў. 10 жніўня 2021 года ГУБАЗ арыштаваў майго роднага брата, а раніцай уварваліся да мяне і павезлі на шасцігадзінны допыт. Разам з братам нас спрабавалі звязаць у экстрэмісцкую групоўку. Доўга, але бессэнсоўна дапытвалі. У выніку адпусцілі і сказалі сядзець, чакаць і маўчаць. Папярэдзілі, што калі з'еду — яны прывязуць мяне назад з мяшком на галаве. У канцы прапанавалі супрацоўнічаць, каб дапамагчы брату, аднак я адмовіўся. Неўзабаве я перабраўся ў РФ, дзе працаваў нелегальна і неафіцыйна ў даўняга знаёмага. Але спецыфіка Расеі такая, што там нічога не зарабіць, усюды кіднэпінг.

Увесь гэты час у доме, дзе я прапісаны і дзе жывуць мае бацькі, — праходзілі ператрусы. Маці стала тэлефанавалі з розных ведамстваў і пыталіся, дзе я знаходжуся. У канцы сакавіка з ператрусам заявіўся СК горада Менска. У пратаколе ператрусу было ўказана, што я падазраюся па 10 артыкулах КК РБ. Маці сказалі, што мне свеціць 10 гадоў, і я іх усё роўна атрымаю.

Даведаўшыся, што мне свеціць рэальны тэрмін, я пакінуў РФ і знаходжуся ў бяспецы ў новай краіне. Прашу ўсіх неабыякавых дапамагчы мне на пачатковым этапе для таго, каб уладкавацца, навучыцца і пачаць жыццё з чыстага ліста, не баючыся, што можна сесці ў турму за жаданне пераменаў і свабоды.

Якая сума неабходна?

1210 € — пералёт; страхоўка; жыллё; дазвол на працу; харчаванне і адзенне.

:
€ 212
Збор завершаны. Сабрана: € 212