Дапамога Давіду, які пакутуе на клінічную дэпрэсію пасля перажытых падзей ва Украіне

  • Гісторыя

Мяне завуць Давід, я – беларус, які нядаўна вярнуўся з Украіны. Нядаўна ў мяне дыягназавалі клінічную дэпрэсію і на дадзены момант я праходжу лекаванне ў псіхіятрычным шпіталі. Мне бы хацелася расказаць вам, як так атрымалася, што малады хлопец не хоча жыць і ледзь не зрабіў самы страшны ўчынак у сваім жыцці.

Яшчэ да пратэстаў у мяне было жыццё не салодкае і я даволі часта марыў аб смерці, але я заўсёды сябе спыняў і не даваў здзейсніцца гэтай даволі страшнай мары. Наступіў жнівень 2020 і, на вялікае здзіўленне для сябе, я вельмі моцна захапіўся палітыкай. Я загарэўся ідэяй звяржэння дыктатарскага рэжыму, і хоць мне і было вусцішна ў першыя дні пратэстаў, я ўсё роўна выходзіў і стараўся рабіць усё магчымае. Час ішоў, пратэсты працягваліся, а я ўсё больш гэтым натхняўся. Затым наступіў кастрычнік і я даведаўся, што хутка па мяне прыйдуць з-за крымінальнай справы, заведзенай на мяне.

Пасля доўгіх разваг я прыняў рашэнне ўцячы з Беларусі. Праз тры дні я ўжо быў у бяспецы ў іншай краіне. Хоць я і з'ехаў, але не перастаў дужацца з рэжымам, імкнуўся ўдзельнічаць ва ўсіх актыўнасцях і дапамагаць усім, каму толькі мог. Але час ішоў, пратэсты пачалі згасаць, а позва пачала мяняцца. Наступіла самая страшная дата — 24 лютага 2022 года.

У гэты дзень мая раніца ў Кіеве пачалася вельмі рана. У 5:44 мяне абудзілі мае сябры, ў якіх я гасцяваў. Не доўга думаючы, мы сабраліся і пад гукі сірэны пайшлі ў краму закупляцца на першы час і думаць, што рабіць далей. Спачатку мы думалі паспрабаваць з'ехаць, але сутыкнуліся з тым, што на чыгуначным вакзале ўжо былі вялізныя чэргі, ды і машыны стаялі ў глухіх заторах на выезд з горада. Мы прынялі рашэнне пару дзён перачакаць у метрапалітэне, пакуль не стане крыху менш людзей і не з'явіцца магчымасць з'ехаць. У Кіеве мы прабылі шэсць вельмі доўгіх дзён. Днём мы хадзілі дадому, а ноч заўсёды праводзілі ў метрапалітэне, бо ўначы Кіеў бамбілі вельмі моцна.

Гэтыя шэсць дзён у маім жыцці адбіліся вельмі моцна, хоць мы і не патрапілі пад моцныя абстрэлы, але нацярпеліся шмат чаго. На шосты дзень з пачатку вайны мы вырашылі паспрабаваць з'ехаць на цягніку. На нашае шчасце, калі мы прыехалі на станцыю, у 12:23 прыбыў цягнік да Ковеля. Мы думалі, што нашы прыгоды зусім хутка скончацца, але аказалася, што цягнік адправіцца з платформы толькі ў 9 гадзін вечара. Як толькі мы селі — цягнік паехаў у дэпо, дзе мы без святла і з зачыненымі фіранкамі сядзелі і чакалі, пакуль цягнік адправіцца.

А дзявятай гадзіне цягнік прыбыў на станцыю, на якой было шмат людзей. Ужо праз пару хвілін наш вагон нагадваў банку сардзін. Праз 15 гадзін мы прыбылі ў Ковель, адкуль накіраваліся на мяжу, якую з вельмі вялікім шанцаваннем прайшлі за некалькі гадзін.

Пасля гэтага я накіраваўся ў Літву, а сябры засталіся ў Польшчы. Тут я знайшоў сабе псіхатэрапеўта і псіхіятра, якія займаліся маім станам. Спачатку мне станавілася лягчэй, але потым я запаў у дэпрэсію і праз месяц яна перарасла ў клінічную. Таблеткі, якія я прымаў, мне не дапамаглі. Так здарылася, што я пачаў рэзаць сабе руку, і з кожным днём мае парэзы рабіліся ўсё глыбейшымі. Калі я прыйшоў да свайго псіхатэрапеўта — мы з ёй прынялі рашэнне пакласці мяне ў псіхіятрычную клініку на лекаванне.

Пасля таго, як я папраўлюся, мне патрэбныя будуць грошы на аплату пакоя, які я здымаю, а таксама на дарагія прэпараты, якія мне прапісалі. Буду вельмі ўдзячны кожнаму, хто выкажа мне сваю падтрымку ў гэты перыяд і дапаможа ўстаць на ногі.

Якая сума неабходна?

1000 € — аплата жылля і камунальныя выдаткі; купля прэпаратаў, якія выпісалі ў шпіталі; купля прадуктаў на першы час.

:
€ 97
Збор завершаны. Сабрана: € 97