Марына* працавала эканамістам у прыватнай фірме ў Беларусі, і пратэсты ў жніўні 2020 года прыняла як доўгачаканую рэакцыю беларусаў на гады ўзурпацыі ўлады.
«Мае бацькі і я ніколі не галасавалі за таго, хто знішчыў мары, надзеі, здароўе і нават жыцці выдатных беларусаў, растаптаў нашу незалежнасць, – дзеліцца Марына. – Таму заўсёды выходзіла на пратэсты, як і многія з вас, на працягу ўсіх гэтых бясконцых 30 гадоў».
З 11 жніўня жанчына штодзень выходзіла на пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. У тым ліку 17-19 жніўня ўдзельнічала ў «гарачых» начных пратэстах каля ўніверсама «Суседзі» (былая «Рыга»). 19 жніўня сілавікі збілі яе дубінкамі і затрымалі, але адпусцілі, калі яна паведаміла, што з'яўляецца анкахворай.
На той момант Марына аднаўлялася пасля сур'ёзнага лячэння: раней у яе дыягнаставалі рак шыйкі маткі. Пасля выдалення лімфавузлоў у яе развілася хранічная лімфэдэма, якая абмяжоўвае хаду і актыўнасць. У 2018 годзе яна прайшла працяглую радыётэрапію, пасля чаго працягвала адчуваць сур'ёзныя абмежаванні па здароўі.
«Я чула шмат гісторый пра людзей, якіх спачатку адпускалі, а потым зноў забіралі ў СІЗА і вытваралі з імі жахі. Прызнаюся, да такіх выпрабаванняў я не была гатовая, таму, баючыся пераследу і пагаршэння стану, 20 жніўня 2020 года экстранна з'ехала ў Італію – у мяне была адкрыта працоўная віза. Дзякуючы веданню мовы ўладкавалася на працу і атрымала міжнародную абарону (статус МА) у 2021 годзе», – успамінае беларуска.
Да нядаўняга часу Марына спраўлялася сама, без дапамогі звонку, але ў снежні 2023 года, падчас рэзкага тармажэння гарадскога аўтобуса, яна ўпала і атрымала сур'ёзную траўму сцягна. Пачаўся некроз тазасцегнавага сустава, і жанчына страціла магчымасць працаваць. 17 мая 2025 года ёй зрабілі аперацыю па пратэзаванні сустава.
«Хвароба, траўма і нягоды падарвалі маё здароўе і амаль пазбавілі магчымасці зарабляць самастойна, – дзеліцца Марына. – Цяпер я арандую спальнае месца ў пакою і жыву ў доўг. На жаль, амаль не магу сама перасоўвацца: мой штодзённы ліміт на мыліцах – 500 метраў, пасля чаго я літаральна падаю ад стомленасці і болю. Стараюся выправіць сваё становішча: падпрацоўваю фрылансерам, але знайсці пастаянную працу не ў стане. Праз лімфэдэму і пасляаперацыйныя абмежаванні мне неабходна чаргаваць актыўнасць і адпачынак».
Жанчына не можа звярнуцца па дапамогу да родных, паколькі яны знаходзяцца пад пераследам у Беларусі, а бацькі самі маюць патрэбу ў дапамозе і доглядзе.
Марына просіць аб экстраннай фінансавай падтрымцы, каб аплаціць арэнду жылля, аднавіцца пасля цяжкай аперацыі і набыць стабільнасць для пошуку прыдатнай працы.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імёны герояў. Малюнак згенераваны пры дапамозе ШІ.
Сума збору
€2000
€1000 – аплата трох месяцаў арэнды жылля
€700 – падтрымліваючыя лекі і дабаўкі, якія Марыне трэба піць пастаянна
€300 – даўгі, якія назапасіліся пасля выхаду са шпіталя