Добры дзень. Мяне завуць Афанасьева Дар'я Аляксандраўна, і я баюся лічыць, колькі разоў я вымаўляла свае імя і прозвішча, калі здавала рапарт у жаночай калоніі.
Я жыла ў Менску, і з вялікім шчасцем і задавальненнем засталася б жыць у сваім любімым горадзе, але, на жаль, пасля двух з паловай гадоў пазбаўлення волі, я была вымушаная уцякаць з краіны з адным заплечнікам.
Да затрымання я працавала ў аддзела кадраў IT-кампаніі, займалася адаптацыяй і падтрымкай супрацоўнікаў. Цяпер жа ў адаптацыі і падтрымцы маю патрэбу я сама, як бы цяжка мне не даводзілася гэта прызнаваць.
Выхоўвала двух катоў: адну падабрала на вуліцы, а другога забрала з Гурскага. Як бы гэта не гучала, я радая, што гэта адзіныя мае «дзеці», бо калі б я была сапраўды маці, зняволенне перажыла б у разы горш.
Разам са сваёй працай я вяла кніжны блог для жанчын, змагалася за правы жанчын. Хацела, каб у Беларусі быў прыняты Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Я адкрыта ўдзельнічала ў акцыях за правы жанчын, і следам далучылася да маршаў у 2020 годзе. Я не прапусціла ніводнага нядзельнага ці суботняга шэсця, бо не магла маўчаць і заставацца ўбаку.
Распавядала ў сваім блогу, які на час ператварыўся ў палітычны, аб сітуацыі ў нашай краіне і тым, што адбываецца. Я давала інтэрв'ю і каментары замежным СМІ, старалася прыцягнуць як мага больш увагі да Беларусі. Я расказвала пра затрыманні і палітычных зняволеных, апублікаваны змест у маім Instagram выкарыстоўваўся іншымі незалежнымі медыямі.
Натуральна, гэта прыцягнула ўвагу і іншых асобаў. 27 снежня 2021 года да мяне ў хату ўварваліся сілавікі. Мяне асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі і адправілі у калонію за тое, што я ўдзельнічала ў мітынгах, адкрыта выказвала нязгоду з вынікамі выбараў і асуджала дзеянні сілавых структур.
Вельмі цяжка пускацца ў падрабязнасці жыцця ў калоніі, асабліва калі ты знаходзішся там паводле палітычна матываванага артыкула. Гэтая сталая напруга, пачуццё, быццам ты нацягнутая струна, не праходзіла увесь гэты час.
У мяне хранічнае захворванне – астма. І пры тых побытавых і працоўных умовах, якія ствараліся ў калоніі, маё здароўе моцна пагоршылася. Упэўнена, што мяне выратавала мая маладосць, інакш сітуацыя была ў разы горшая. Калі ў атрадзе праходзіў рамонт і пахла таннай фарбай нават на вуліцы, медыкі адмаўляліся мяне ратаваць ад раздражняльніка, які правакаваў прыступы. Тое самае было і на фабрыцы, калі я была вымушаная даказваць, што ў мяне сапраўды прыступ і я не магу дыхаць.
Цяпер я прымаю медыкаменты для падтрымання майго дыхання, мне трэба праходзіць рэгулярныя абследаванні.
Я пастаралася даць як мага больш інтэрв'ю, карыстаючыся магчымасцю свайго голасу, знаходзячыся ў бяспецы. Вы можаце прачытаць ці прагледзець іх тут, там я больш кажу пра тых, хто застаўся і працягвае сядзець. У якіх умовах гэта ўсё адбываецца. Сваю гісторыю я расказала тут, тут, тут.
У мяне адчуванне, быццам я працягваю знаходзіцца ў 2021 годзе, і ўсіх скрадзеных гадоў у мяне і не было, але жыццё працягваецца. Было складана прызнаць, што мне неабходна дапамога псіхолага і псіхатэрапеўта, але гэта так. Я палохалася гучных гукаў і да гэтага часу сціскаюся ад груку ў дзверы, не магу спакойна думаць аб тым, што катаванні з нашых людзей працягваюцца, а я на волі. Турма працягвае забіраць мой час.
Я разумею, што прашу дапамогі ў такіх жа людзей, як я, якія вымушаны былі кінуць сваю радзіму, свае дамы, а многія і сваіх родных. І нават калі вы не зможаце мне дапамагчы, я ўдзячная, што вы гэта чытаеце і знаходзіцеся тут, значыць вам не ўсё адно.
Вашая падтрымка дапаможа мне не спяшацца, а спакойна ачуняць пасля перажытага, працягнуць праходзіць медыцынскае абследаванне. Паўнавартасна вярнуцца да прафесійнай дзейнасці я не магу праз псіхалагічны стан. Гэта мой шанец на аднаўленне здароўя і сілаў, каб рухацца наперад.
Сума збору
€3100
€1800 – арэнда жылля на 3 месяцы,
€500 – харчаванне і бягучыя выдаткі на 3 месяцы,
€450 – медыкаменты і медназіранне на працягу 3х месяцаў, бо маё захворванне патрабуе працяглага назірання лекарам, асабліва з улікам пагаршэння цячэння маёй астмы,
€50 – корм катам на першы час,
€300 – курсы польскай мовы, каб адаптавацца ў Польшчы.