Дапамога для грамадзянскай актывісткі, якая з'ехала ад пераследу беларускага рэжыму, на аднаўленне здароўя

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень, дарагія беларусы.

Зараз я вымушаная эмігрантка ў Польшчы, а раней займалася грамадзянскім актывізмам у Беларусі шмат гадоў. З 2015 да 2020 года я была ўдзельніцай рухаў, якія выступалі за развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, адстойвалі прынцыпы роўных правоў, сацыяльнай справядлівасці і дэмакратыі. У 2020 годзе падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі я ўдзельнічала адразу ў некалькіх прадэмакратычных ініцыятывах: была незалежнай назіральніцай на выбарах, выходзіла на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый, адпраўляла данаты ў BYSOL на падтрымку людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, падтрымлівала несправядліва асуджаных у судах, дапамагала журналістам, друкавала і раздавала ўлёткі ды інш.

Я не магла застацца ў баку ад таго, што адбываецца ў краіне: вельмі моцна суперажывала ўсім пацярпелым ад зверстваў злачыннага беларускага рэжыму і старалася рабіць усё магчымае, каб выказаць сваю салідарнасць з гэтымі людзьмі. Я верыла ў тое, што здольнасць беларусаў самаарганізоўвацца, аб'ядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму, зможа прынесці перамены ў грамадстве, таму старалася ўключацца і ўдзельнічаць па меры маіх сіл.

Мая актыўнасць не засталася незаўважанай, і паўгады таму мне пачалі паступаць пагрозы ад беларускіх сілавікоў. Я вымушана была звярнуцца ў BYSOL за дапамогай з эвакуацыяй і тэрмінова з'ехаць з краіны.

Я вельмі ўдзячная лёсу, што зараз знаходжуся ў бяспецы ў Польшчы, атрымала міжнародную ахову. Нажаль, уся гэтая сітуацыя з нечаканым пераездам вельмі моцна падарвала маё ментальнае і фізічнае здароўе. У мяне былі дыягнаставаныя дэпрэсія, бессань, трывожнае засмучэнне і посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне, а таксама абвастрэнне хранічных захворванняў. Кожную ноч мне сняцца кашмары, я перыядычна адчуваю панічныя атакі і боль. У выніку мне стала цяжка спраўляцца з самымі простымі задачамі, бо амаль ні на што больш няма сіл.
BYSOL мае падцвярджаючыя медыцынскія дакументы

Калі раней у мяне была вялікая колькасць інтарэсаў, захапленняў і планаў на будучыню, то зараз яны нібыта зніклі, саступіўшы месца бясконцай стомленасці, апатыі і прыгнечанаму настрою. Гэтую сітуацыю вельмі цяжка прыняць, таму што я ніколі не меркавала, што ўсё жыццё вось так вось аднойчы пойдзе пад адхон з-за праблем са здароўем (прычым, у дастаткова маладым узросце), і што я не ў сілах буду на гэта паўплываць.

Для таго, каб вярнуцца да нармальнага жыцця, мне неабходна прайсці працяглыя курсы псіхатэрапіі і медыцынскай рэабілітацыі, але ў Польшчы ў мяне такой магчымасці пакуль што няма. Для таго каб патрапіць да бясплатнага спецыяліста, трэба чакаць вельмі доўга, і далёка не любы від тэрапіі даступны бясплатна. А для таго каб прайсці платны курс, патрэбны вялікія фінансавыя рэсурсы, якіх я пакуль не маю.

У выніку я вырашыла звярнуцца за дапамогай да іншых людзей, у надзеі, што мяне падтрымаюць. Буду неверагодна ўдзячная за любую дапамогу!

Сума збору

€2800

€1600 – курс псіхатэрапіі (прыкладна 20 сустрэч)
€300 – лекі
€900 – медыцынская рэабілітацыя (прыкладна 20 сустрэч)

:
€ 2 823
Збор завершаны. Сабрана: € 2 823