Ганне 46 гадоў. У яе трое дзяцей. За данаты яе прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яна прайшла праз СІЗА і калонію №4 у Гомелі, а ў снежні 2025 года апынулася сярод палітвязняў, якіх пасля вызвалення вывезлі з Беларусі ў Польшчу.
Цяпер Ганна жыве ў Варшаве. Працуе ў пякарні, пячэ круасаны і робіць тарты на замову. Новае жыццё даводзіцца пачынаць амаль з нуля.
«Паступова цьмянее ў памяці калонія і СІЗА. Яны ўжо не сняцца так часта, як раней. Ёсць адчуванне, што гэты этап усё ж такі застаўся ў мінулым. Пачынаецца новае жыццё.
Я разумею, што цяпер знаходжуся ў бяспецы і больш не трэба баяцца людзей у форме. Нядаўна ўбачыла ў Варшаве аўтазак. Ён быў вельмі прыгожы і сучасны, але выклікаў у мяне выключна эстэтычную цікавасць».
Але свабода аказалася зусім не такой, якой яна ўяўляла яе ў зняволенні.
«Людзі часта пытаюцца: “Як ты без дзяцей? Сумуеш?” Я не разумею, навошта задаваць такія пытанні. Мне неверагодна цяжка быць тут без іх. Сэрца літаральна крывёю абліваецца. Калі праходжу міма школы ці дзіцячага садка, кожны раз думаю пра тое, што мае сыны таксама маглі б хадзіць у гэтую школу, кожны дзень вяртацца дадому. Але я пазбаўленая гэтага. Яны растуць без мяне.
Гэта самае страшнае – разлука з дзецьмі. Таму не пытайцеся ў мам у эміграцыі, як ім без дзяцей. Ім настолькі цяжка, што вам не трэба гэтага ведаць».
Пасля вызвалення Ганне давялося пачынаць жыццё нанова. Нечакана апорай стала тое, што яна любіла яшчэ задоўга да арышту, – выпечка. Ганна працуе ў пякарні і кажа, што ўпершыню за доўгі час адчувае сябе на сваім месцы.
«Калі працуеш з цестам, крэмам, каржамі, усё становіцца неяк больш зразумелым. Ёсць рэцэпт, ёсць паслядоўнасць дзеянняў, ёсць вынік. Часам гэтага вельмі не хапае ў жыцці. Мне падабаецца мой стан, калі я займаюся выпечкай. Я адчуваю сябе на сваім месцы.
Як мінімум я хачу стаць партнёрам у бізнесе, дзе цяпер працую. Як максімум — адкрыць уласную пякарню. Тут ці ў Беларусі. Ну а што? Марыць жа можна».
Ганна не вярнулася дадому і не вярнулася ў сваё ранейшае жыццё. Але сёння яна на свабодзе і будуе новае. Падтрымка дапаможа ёй больш упэўнена прайсці гэты шлях і зрабіць яшчэ адзін крок да будучыні, пра якую яна думала ўсе гады зняволення.
Сума збору:
€3000
€1200 – арэнда жылля на 2 месяцы
€950 – інвентар і тэхніка для вырабу тартоў і дэсертаў
€550 – закупка інгрэдыентаў і расходных матэрыялаў
€300 – рэзерв і развіццё прыватных замоўленняў
