Мяне завуць Юлія Гарачка і я з'яўляюся праваабаронцай з Беларусі. Супрацоўнічала з МДЦІ «Наш Дом», «ПЦ Прававая дапамога насельніцтву». Падчас так званых «выбараў прэзідэнта» Рэспублікі Беларусь 2020 года была назіральніцай ад дэмакратычных сілаў Беларусі на ўчастку №1 і зафіксавала шмат парушэнняў. Мною было напісана больш за 10 скаргаў аб парушэнні Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
На працягу 2020 года і да моманту незаконнага затрымання дапамагла рэпрэсаваным грамадзянам, якія выступілі супраць незаконных выбараў 2020 года, чальцоў іх сем'яў. Дапамога датычылася аплаты паслуг адвакатаў, прадуктовых і медыкаментозных пасылак, сродкаў рэабілітацыі.
15.07.2021 была схопленая хаўруснікамі дыктатара лукашэнкі падчас зачысткі Беларусі ад праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў. Больш падрабязна пра затрыманне можна прачытаць тут.
Тыдзень падвяргалася катаванням у ІЧУ на Акрэсціна, з прычыны чаго абвастрыліся мае хранічныя захворванні хрыбетніка ды іншых органаў, а таксама ўзнік шэраг новых захворванняў. Потым мне было прад'яўлена абвінавачанне па ч.2 арт. 342 КК РБ, нібыта за «спансаванне закалотаў». Абвінавачанне было прад'яўлена з прычыны таго, што злачынны рэжым «даказаў», што я дапамагла 178 грамадзянам Рэспублікі Беларусь скласці дакументы па абароне іх правоў і знайсці адвакатаў. «Віну» сваю на судзе я прызнала, бо сапраўды дапамагала грамадзянам у барацьбе з рэжымам лукашэнкі.
19.07.2021 года была прызнаная палітвязняволенай.
15.03.2022 адбыўся суд пад старшынствам суддзі Сяргея Шацілы, які прад'явіў мне абвінавачанне ў «іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 2 арт. 342 КК РБ). Мяне прызналі вінаватай і прысудзілі 1 год пазбаўлення волі, аднак залічылі тэрмін, праведзены з моманту затрымання як 1:1,5 і выпусцілі ў зале суда.
У кватэры, дзе я жыла, быў праведзены ператрус, пасля якога былі канфіскаваныя ўсе мае сродкі сувязі, ноўтбук, фотакамера і грашовыя сродкі, якія пасля былі прызнаныя «зброяй злачынства» і канфіскаваныя беззваротна. У турме мне пагражалі, што на мяне заведзена яшчэ адна крымінальная справа. Праз гэта я вымушана была з'ехаць з краіны. Цяпер я маю патрэбу ў дапамозе для аднаўлення здароўя, адаптацыі і працягу сваёй рэлакацыі.
Якая сума неабходна?
2060 € — сродкі неабходныя для закупкі тэхнікі, каб працягваць праваабарончую дзейнасць і працаваць; медабследаванне і правядзенне лекавання; купля медпрэпаратаў, гарсэта для спіны, гарсэта для каленаў, медыкаментаў і рэабілітацыйных працэдур.