У жніўні 2020-га, калі Беларусь ахапілі масавыя пратэсты, Арцёму* было ўсяго 17 гадоў. У ноч пасля выбараў ён выйшаў на вуліцу і адразу сутыкнуўся з жорсткасцю сілавікоў:
«Мяне білі кулакамі, нагамі і дручкамі. Людзей прымушалі ляжаць штабелямі на падлозе, па нас хадзілі супрацоўнікі. У ІЧУ дзясяткі чалавек дзялілі кавалак хлеба і глыток вады», – дзеліцца ўспамінамі былы палітвязень.
Тады Арцёму выпісалі штраф і завялі крымінальную справу, якую закрылі толькі праз год. Наступствы тых падзей засталіся назаўжды: нервовыя цікі, трывожнасць, праблемы са здароўем.
Нягледзячы на гэта малады чалавек не здаваўся: паступіў у ВНУ і марыў аб нармальным жыцці. Аднак у 2024 годзе, праз чатыры гады пасля пратэстаў, супрацоўнікі крымінальнага вышуку зноў прыйшлі па яго. Арцёма затрымалі адразу пасля перанесенай аперацыі, са свежымі швамі і ў гіпсе.
«Сілавікі не давалі абязбольваючых, адмыслова білі па месцы аперацыі, зламалі гіпс і пыталіся: „Баліць? Значыць, усё нармальна“», – з болем згадвае беларус.
Далей былі тры месяцы СІЗА, суд паводле артыкула 342 КК (удзел у масавых закалотах) і тры гады абмежавання волі (хіміі). Увесь гэты час дзяўчына Арцёма, Яна*, была побач з ім і не пакідала яго без падтрымкі, нягледзячы на сталы ціск сілавікоў.
«Яна адпраўляла перадачы, збірала грошы на адвакатаў, жыла ў страху за сябе і за мяне. Яе ўвесь час выклікалі на допыты, пагражалі, – распавядае Арцём. – Мы планавалі ажаніцца, але новая крымінальная справа і «хімія» паставілі крыж на нашых планах».
У снежні 2024 года з дапамогай BYSOL Арцёму ўдалося эвакуіравацца спачатку ў Літву, а потым у Польшчу. Пасля ягонага ад'езду Яна сама стала аб'ектам пільнай увагі сілавікоў, таксама пакінула Беларусь і пара змагла ўз'яднацца.
Цяпер маладыя людзі зноў разам і жадаюць афіцыйна зарэгістраваць свой шлюб. Новы статус сям'і дапаможа Яне і Арцёму аформіць міжнародную абарону. Але для таго, каб узяць шлюб, ім неабходна выехаць у Данію, бо Польшча патрабуе дакументы з ЗАГСа, якія маладыя людзі падаць не могуць. Пакуль Арцём працуе сам, заробленых грошай ледзьве хапае на жыллё і ежу, а паездка для афармлення шлюбу і дакументаў патрабуе дадатковых сродкаў, якіх цяпер няма.
Таму маладыя беларусы просяць падтрымкі, каб пачаць новае жыццё, у якім будзе месца кахання і спакою, а не вусцішы.
Сума збору
€2800
€1200 – паездка ў Данію, рэгістрацыя шлюбу і афармленне дакументаў;
€1800 – арэнда жылля на два месяцы і заклад;
€1000 – афармленне дакументаў, пераклады і штодзённыя выдаткі.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імёны герояў. Малюнак згенераваны пры дапамозе ШІ.