Дапамога экс-палітвязню: падтрымка сям'і ў новым жыцці

  • Гісторыя

Мяне завуць Глеб Раманаў. Я – былы палітвязень.

У жніўні 2020 года я выйшаў на мірны пратэст, як і многія берасцейцы. А праз 3 дні мяне затрымалі і адправілі на допыт, які працягваўся каля 12 гадзін. Потым адправілі яшчэ на 3 сутак у ІЧУ, а потым адпусцілі, выпісаўшы штраф 10 базавых.

Я падумаў, што на гэтым усё скончыцца і што я змагу вярнуцца да сваёй сям'і. Але я памыляўся.

Праз некалькі дзён да мяне зноў прыйшлі, але ўжо па крымінальнай справе аб масавых закалотах, і пасадзілі пад хатні арышт. Я разумеў, што ўсё ідзе да рэальнага тэрміна, і вельмі перажываў за сваю цяжарную жонку і маленькую дачку. Я ведаў, што калі я апынуся ў турме, клапаціцца пра іх не будзе каму. Таму я прыняў рашэнне ўцячы з-пад хатняга арышту і з'ехаць з краіны, каб мець магчымасць хаця б грашыма падтрымліваць маіх блізкіх, а пры магчымасці перавезці іх да сябе.

На жаль, мая спроба ўцёкаў аказалася няўдалай. Мяне затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы і адправілі ў СІЗА чакаць пачатак судовага працэсу нада мной і дзясяткамі іншых жыхароў Берасця.

Нас абвінавачвалі ў гвалце, пагромах і псаванні гарадской маёмасці. Абвінавачанні былі неабгрунтаваныя і без доказаў, а ключавыя сведкі засакрэчаныя, так што іх увогуле ніхто не бачыў. Ставіліся да нас, мякка скажам, дрэнна. А на суды вадзілі як сапраўдных тэрарыстаў: з вывернутымі назад рукамі ў кайданках і тварам долу.

Пасля ўсіх судоў мне далі 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але самым вялікім ударам для мяне стала расстанне з сям'ёй: каханай жонкай, дачкой і нованароджаным сынам. Гэты разрыў я перанёс вельмі цяжка.

У ліпені 2024 года я выйшаў на волю. Я быў вельмі рады проста дыхаць, абдымаць сям'ю і жыць. Але нават пасля вызвалення я не мог расслабіцца з-за сталага кантролю: мяне паставілі на ўсе магчымыя ўлікі ў міліцыі і абмежавалі ў правах, як «схільнага да экстрэмізму».

Дзеля нашай бяспекі і бяспекі нашых дзяцей мы з жонкай вырашылі з'ехаць з Беларусі. Дзякуй камандзе эвакуацыі BYSOL, якая дапамагла нам з гэтым. Але нам патрэбная і фінансавая дапамога, бо пасля 3,5 гадоў у калоніі я адчуваю, што мне цяжка пачынаць усё нанова.

Нам патрэбны сродкі, каб карміць сям'ю, пакуль я разбіраюся з працай, купіць сезоннае адзенне і абутак на ўсіх, запісацца на моўныя курсы. Прашу вашай дапамогі і буду ўдзячны любой падтрымцы.

Сума збору

€5000

€2000 – харчаванне і бытавыя выдаткі на нашу сям'ю на 2 месяцы
€1000 – адзенне па сезоне для 4 чалавек
€500 – сабраць дзяцей у школу і дзіцячы сад
€500 – курсы мовы для мяне і маёй жонкі

€1000 – непрадбачаныя выдаткі

Сабрана:
€ 294 з 5 000