Падтрымайце Глеба: новае жыццё пасля турмы

  • Гісторыя

Мяне завуць Глеб Гатоўка. Я былы палітвязень.

Мяне затрымалі на акцыі пратэсту, якая праходзіла за месяц да выбараў – 14 ліпеня. У той дзень ЦВК не зарэгістравала Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу кандыдатамі ў прэзідэнты, і я выйшаў на вуліцу. Спачатку стаяў у ланцугу салідарнасці, а потым мы пайшлі ў цэнтр. Калі на Нямізе АМАП пачаў затрымліваць людзей, мы сталі ў счэпку, але мяне ўсё адно забралі.

Мне далі 12 сутак на Акрэсціна. У той час умовы былі яшчэ не настолькі бесчалавечныя, як у жніўні, але і курортам назваць іх вельмі складана. Нас было зашмат у камеры, матрацаў на ўсіх не хапала, а спаць на падлозе было вельмі холадна. Таму спалі па чарзе, а я аблюбаваў сабе тумбачку, у якой на ноч размяшчаўся паўседзячы.

Праз 12 дзён, калі мяне павінны былі выпусціць, мяне перазатрымалі. Перавялі спачатку ў ІЧУ, а потым на Валадарку. Завялі крымінальную справу: нібыта падчас затрымання я супраціўляўся супрацоўнікам міліцыі. Быў суд, вынік якога – 4 гады калоніі.

Мяне накіравалі ў ПК-1 у Наваполацку. Там выкарыстоўвалі як працоўную сілу і праз месяц, з-за жудасных умоў, я напісаў начальніку заяву аб адмове працаваць, бо гэта проста бесчалавечна. Далей усё было стандартна: мяне пасадзілі на 2 месяцы ў ШІЗА і на 3 месяцы ў ПКТ.

ШІЗА (штрафны ізалятар) – гэта памяшканне для зняволеных, дзе ўмовы ўтрымання значна больш жорсткія, чым звычайна. Зняволеныя ў СІЗА пазбаўлены шматлікіх прывілеяў, такіх як перадачы, спатканні і шпацыры, і часта падвяргаюцца ўзмоцненаму фізічнаму і псіхалагічнаму ціску.
ПКТ (памяшканне камернага тыпу) – гэта асаблівае памяшканне для ўтрымання зняволеных. У ПКТ зняволеныя ўтрымліваюцца ў больш строгіх умовах, чым у звычайных камерах, з абмежаванымі правамі і ўзмоцненым кантролем з боку адміністрацыі.
Заўвага BYSOL

А пасля гэтага мяне перавялі з калоніі на турэмны рэжым у Жодзіна. Там я застаўся без прадуктовых перадач, быў пазбаўлены нармальнай медыцынскай дапамогі і амаль не бачыў сонца. Там стабільнае ШІЗА, якое расцягнулася на доўгія два з паловай гады.

Вызваліўся я 25 сакавіка 2024 года проста на Дзень Волі! Але па-сапраўднаму вольным я не стаў, бо ў Беларусі за былымі палітвязнямі ладзіцца сапраўднае сачэнне. Да нас прыходзяць дадому з дурнымі «праверкамі», сочаць за кожным нашым крокам, не даюць уладкавацца на працу, правяраюць тэлефоны і ўвесь час шукаюць нагоду, каб зноў нас пасадзіць. І гэта вельмі складана.

Бо праверка міліцыі, калі ты толькі цудам выйшаў з турмы, гэта ўжо не проста праверка. Гэта стрэс пасля якога доўга трэба супакойваць сябе і прыводзіць у парадак. Калі бяруць твой тэлефон і глядзяць чаты і падпіскі, гартаюць галерэю, ты як быццам вяртаешся назад у турму, дзе быў пазбаўлены ўсякай годнасці. Калі нервы настолькі напружаны, што кожны шоргат у пад'ездзе, кожны бус у двары – гэта як токам!

Пры дапамозе каманды эвакуацыі BYSOL у траўні я перабраўся ў Польшчу, узяўшы з сабой мінімум вопраткі і грошай. Наперадзе ў мяне падача на міжнародную абарону, пошук жылля і медабследаванне. Пакуль будуць разглядаць маё прашэнне аб абароне, у мяне адбяруць пашпарт, а гэта значыць, што я не змагу ўладкавацца на нармальную працу. Затое можна паступіць ува ўніверсітэт, бо ў Беларусі я правучыўся толькі 2 курсы. Хачу па праграме Каліноўскага ў Польшчы патрапіць ува ўніверсітэт на факультэт сацыяльных навук.

Мне патрэбная ваша дапамога, бо пасля 4 гадоў у турме, я адчуваю, што мне складана пачынаць усё нанова. Мне патрэбны сродкі, каб зняць жыллё на некалькі месяцаў, пакуль я буду займацца паступленнем і ўладкоўваць сваё жыццё. Таксама мне патрэбен невялікі запас грошай, каб аплачваць самае неабходнае: лекі, ежу і транспарт. А калі ўсё наладзіцца, я спадзяюся, што сам здолею дапамагаць іншым людзям.

Сума збору:

€4000

€2000 – жыллё на 4 месяцы. Пасля гэтага я спадзяюся атрымаць інтэрнат.
€1000 – адзенне па сезоне, бо я з'яжджаў з Беларусі напрыканцы вясны, а хутка будзе восень і зіма.
€1000 – запас грошай на самае неабходнае: лекі, ежа і транспарт.

:
€ 4 116
Збор завершаны. Сабрана: € 4 116