«Два гады я хавалася ад вышуку ў Беларусі, а цяпер жыву ў прытулку для бяздомных»

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Святлана* была ў 2020 годзе вельмі яскравай актывісткай, і цяпер знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі і Расіі. Пасля затрымання і вызвалення яна з’ехала ў Бельгію, каб атрымаць міжнародную абарону, але апынулася ў Дублінскай працэдуры. Яна вымушаная жыць у прытулку для бяздомных. Ёй патрэбная падтрымка на бліжэйшыя паўгады, пакуль яна чакае рашэння міграцыйных службаў.

Я баюся называць сваё сапраўднае імя: мяне дагэтуль шукаюць у Беларусі, а маіх родных рэгулярна дапытваюць праз мой актывізм. Цяпер я жыву ў часовым прытулку для бяздомных у Бельгіі. Маю справу разглядаюць па Дублінскай працэдуры, і я не ведаю, колькі гэта працягнецца і што будзе са мной далей.

З 2020 года я ўдзельнічала амаль ва ўсіх пратэстных акцыях. Стаяла ў ланцугах салідарнасці з раніцы да вечара, выходзіла на начныя акцыі ў першыя дні пасля выбараў, і амаль на ўсе маршы: агульныя, жаночыя, дваравыя.

У 2023 годзе па мяне прыйшлі. Мне ўдалося схавацца, і амаль два гады я хавалася, жыла на свае зберажэнні, пакуль яны не скончыліся. Мяне абвясцілі ў вышук у Беларусі і Расіі, з’ехаць у бяспечнае месца было ўжо немагчыма. У 2025 годзе мяне затрымалі, але праз некаторы час вызвалілі праз заканчэнне тэрміну даўніны маёй справы. Гэты факт даваў мала надзеі, што ў Літве мне дадуць бежанства, і таму я паехала прасіць абарону ў Бельгію – у той час амаль усе беларусы, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, атрымлівалі там станоўчыя рашэнні.

У 2026 годзе ў Бельгіі моцна змяніліся ўмовы прадастаўлення прытулку, і я сутыкнулася з бюракратычнымі перашкодамі, якіх раней не было. Праз Дублінскую працэдуру мне не прызначаюць дату суда, каб прыняць рашэнне па прадастаўленні мне абароны. Я падала апеляцыю, але рашэння так і няма ўжо шмат месяцаў. У дзяржаўны лагер вярнуцца я не магу: адтуль мяне могуць дэпартаваць раней, чым разгледзяць апеляцыю.

З ліпеня 2026 года я жыву ў няўрадавым прытулку для бяздомных, які дапамагае людзям у такой жа сітуацыі, як мая. Грошай у мяне няма, ёсць толькі абмежаваная медыцынская дапамога і бясплатнае харчаванне. Дазволу на працу мне пакуль не далі, таму нават купля простых бытавых рэчаў, лекаў — цяжкая задача для мяне, не кажучы ўжо пра вопратку. Здароўе ў мяне і раней было не вельмі, а пасля ўсяго, што здарылася дома і тут, зусім пахіснулася. Галеча і нявызначанасць мяне зусім выматалі.

Калі рашэнне па апеляцыі будзе не на маю карысць, разгляд маёй справы па Дубліне працягнуць яшчэ на 6 месяцаў. На гэты час мне трэба зняць пакой, каб у міграцыйнай службы быў мой адрас і мяне не лічылі той, хто хаваецца ад уладаў (такія мясцовыя іміграцыйныя правілы).

Я прашу дапамагчы мне перажыць гэтыя паўгады, пакуль я літаральна звязаная па руках і нагах. Калі можаце, падзяліцеся, калі ласка, гэтым зборам. Дзякуй кожнаму, хто адгукнецца.

*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Выява згенеравана пры дапамозе ШІ.

Сума збору
€2600

€2100 – арэнда пакоя на 6 месяцаў (прыкладна €350 у месяц)
€500 – бытавыя рэчы, лекі і вопратка на 6 месяцаў

Сабрана:
€ 0 з 2 600