Дапамога былому палітвязню па справе Зельцэра ўладкавацца ў новай краіне

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень. Мяне завуць Уладзімір [імя з меркаванняў бяспекі змененае, Фонд BYSOL валодае ўсімі пацвярджальнымі дакументамі]. Я былы палітвязень.

Уначы ў верасні 2021 года ў маю кватэру ўварваліся супрацоўнікі КДБ. Быў ператрус. Маю жонку і дваіх маленькіх дзяцей давялі да істэрыкі. У той момант я быў на працы, дзе мяне і затрымалі праз паўгадзіны пасля пачатку ператрусу.

Спачатку мяне прывезлі ў аддзел КДБ і прад'явілі абвінавачанне па артыкулах КК 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці). Прычынай стаў каментар, у якім я абураўся непрафесіяналізмам супрацоўнікаў КДБ.

Пасля мяне вывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, а яшчэ праз пяць дзён мяне разам з іншымі затрыманымі па справе Зельцэра адправілі ў турму №8 горада Жодзіна.

У турме нас трымалі два месяцы на каранціне ў жахлівых умовах — мы сядзелі без перадач, без лістоў і сустрэч з адвакатамі, у маленькіх камерах па 25-30 чалавек. Мы спалі пры ўвамкнутым святле, тры разы за ноч былі ўздымы і праверкі, халодны душ разоў у тыдзень, адсутнасць нармальнай ежы і медыцынскай дапамогі (усе мы перахварэлі COVID-19).

Потым быў суд. Мне далі 2 гады папраўчай калоніі агульнага рэжыму і 50 базавых велічыняў штрафу. Таксама я быў унесены ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў. Таму ўся мая маёмасць была арыштаваная (банкаўскі рахунак, кватэра, аўто і нават нумар тэлефона). Мая сям'я ўлезла ў вялізныя даўгі, бо жонка знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку.

Праз тое, што я «палітычны», мяне часта адпраўлялі ў штрафны ізалятар, дзе вельмі холадна. За месяц, праведзены там, я схуднеў на 12 кілаграм. Таксама ў мяне абвастрыўся бранхіт.

Нядаўна, цалкам адбыўшы тэрмін, я выйшаў на волю. Я стаў на ўлік у РУУС, дзе мусіў адзначацца некалькі разоў на месяц. Таксама да мяне дадому ўвесь час прыходзіла міліцыя. Але мне ўсё роўна не пакінулі шанцу на нармальнае жыццё, бо на мне вісіць кляймо тэрарыста і экстрэміста, а гэта значыць, што знайсці працу мне амаль немагчыма.

Я быў змушаны з'ехаць з краіны. Цяпер я знаходжуся ў Польшчы і рыхтуюся да сустрэчы са сваёй сям'ёй. Прашу беларусаў дапамагчы мне пачаць новае жыцьцё.

Сума збору:

€2900 Арэнда жылля на 2 месяцы, пагашэнне даўгоў сям'і, паслугі юрыста і кансультацыі лекара

:
€ 668
Збор завершаны. Сабрана: € 668