Дапамога сям'і былой палітзняволенай і былой выкладніцы БДУІР Вользе Філатчанкавай, якая тэрмінова з'ехала з Беларусі

  • Гісторыя

Дарагія мае Людзі!

Мяне завуць Вольга Філатчанкава. З адукацыі я праграмістка, але некалькі гадоў да 2020 года я займалася выкладніцкай дзейнасцю ў сваім родным універсітэце БДУІР – дзялілася ведамі з будучымі таленавітымі праграмістамі.

12 лістапада 2020 года правяло чырвоную рысу ў маім жыцці і жыцці яшчэ дзесяці студэнтаў з розных ВНУ. Да мяне і да хлопцаў прыйшлі супрацоўнікі КДБ, а праз два тыдні арыштавалі яшчэ адну дзяўчыну. Так пачалася нашая гучная «справа студэнтаў». Вядома ж мне было прыемна знаходзіцца ў групе выдатных, сумленных, таленавітых, неабыякавых і прыгожых маладых людзей, вось толькі акалічнасці, якія нас звязалі, былі так сабе, на жаль. Тым не менш, я ганаруся, што пазнаёмілася з хлопцамі і дзяўчатамі, і ні аб чым не шкадую.

Я ўсё сваё жыццё імкнулася змагацца з несправядлівасцю. Калісьці менш актыўна, а калісьці больш. І калі пачаліся падзеі 2020 года, ніякія сілы не маглі прымусіць мяне застацца ў баку. Я была назіральніцай падчас выбараў і на свае вочы бачыла, што адбывалася.

З пачаткам навучальнага года пачаліся студэнцкія пратэсты. У БДУІРы заўсёды вучыліся людзі актыўныя, таму недзіўна, што падзеі, якія адбываліся, прымусілі іх выказваць сваю пазіцыю. Пачаліся затрыманні. Я, як маці і як выкладніца, не магла спакойна глядзець на тое, што адбываецца. У першую чаргу мяне хвалявала бяспека. Мы з іншымі выкладнікамі змагаліся за тое, каб хлопцы і дзяўчаты маглі адкрыта выказваць сваё меркаванне і не быць падвергнутымі розным рэпрэсіям, напрыклад адлічэнню ці арышту. Студэнцкія акцыі былі абсалютна мірнымі і такімі прыгожымі! Я так ганарылася, што гэта мой універ і мае студэнты!

Пасля затрымання мне давялося перажыць шмат розных выпрабаванняў. Было СІЗА, суды, этап, калонія. Але гэты цяжкі час у расстанні з любімымі людзьмі не пахіснуў маёй веры ў тое, што беларусы — цудоўныя! Я сустрэла найцудоўнейшых людзей у няволі і атрымала вялікую падтрымку ад мноства неабыякавых беларусаў і беларусак. Я бязмерна ўдзячная ўсім вам!

Вызвалілася я 30 лістапада 2022 гады, цалкам адбыўшы свой тэрмін. Выезд з краіны мне закрылі. Даволі доўга я спрабавала неяк наладзіць жыццё ў роднай і шалёна любімай мной Беларусі, але ўвесь час адчуваўся страх, што нічога яшчэ не скончылася.

Паступова з краіны з'ехалі ўсе мае так званыя «саўдзельнікі», і я праз шэраг асабістых прычын заставалася «апошнім з магіканаў». Аднак надышоў момант, калі ўсё ж давялося экстрана пакінуць маю краіну, бо па ўсіх прыкметах зноў з'явілася цікавасць да маёй сціплай персоны з боку дзяржаўных органаў. Разам з маёй дзесяцігадовай дачкой і двума заплечнікамі мы былі эвакуаваныя камандай BYSOL, і цяпер нам вельмі патрэбная ваша падтрымка для пачатку новага жыцця ў новай краіне, каб пратрымацца на плаву падчас афармлення дакументаў і пошукаў працы.

Я заўсёды верыла, веру і буду верыць, што беларусы цудоўныя! І дзякуй вам вялікі за ўсё!

Сума збору:
€5000
Наш ад'езд быў тэрміновым, таму з'яжджалі без рэчаў. Грошы патрэбныя

  • для арэнды жылля на некалькі месяцаў, пакуль не знайду працу. Для гэтага трэба пацвердзіць кваліфікацыю выкладніцы. (Арэнда кватэры на 3 месяцы + дэпазіт + паслугі натарыўса для заключэння дамовы і запэўнення копіі пашпарта — € 3000)
  • для куплі адзення і абутку для мяне і маёй дачкі, а таксама для збору яе ў школу і ўладкавання для яе працоўнага месца. €600
  • для пакупкі мінімальна набору рэчаў, каб уладкаваць побыт: посуд, пасцельная бялізна, некаторы мінімум бытавой тэхнікі, гігіена, харчаванне. €600
  • для набыцця скрыпкі для дачкі, каб яна магла працягваць заняткі музыкай і на першапачатковую аплату гэтых заняткаў. €200
  • для аплаты моўных курсаў для мяне і дачкі, каб паскорыць працэс адаптацыі ў грамадстве, і мець больш магчымасцяў знайсці працу. €300
  • для аплаты псіхолага, бо трэба прапрацаваць атрыманыя траўмы. €300
:
€ 5 756
Збор завершаны. Сабрана: € 5 756