Дапамога былому палітвязню ўладкавацца ў чужой краіне, каб забраць да сябе сям’ю

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень.
Я былы палітзняволены, і каб мяне зноў не пасадзілі ў турму, вымушаны быў выехаць з Беларусі. Але там засталіся мая жонка і дзеці. Я прашу дапамогі, каб сабраць грошай, уладкавацца ў Еўропе і забраць сваю сям'ю да сябе, бо я тут жыву даволі сціпла і не маю жытла, дзе мог бы пасяліцца з сям’ей. Пакуль яны знаходзяцца ў Беларусі, я распавяду сваю гісторыю ананімна.

Па прафесіі я кіроўца і часта раней праз працу ездзіў у Еўропу. У 2022 годзе, калі я накіроўваўся ў чарговую камандзіроўку праз Літву, на мяжы даведаўся, што выезд з краіны мне забаронены. З чым звязана забарона, мне не сказалі, толькі парэкамендавалі звяртацца па месцы прапіскі.

Я вырашыў, што гэта нейкія гульні ваенкамата, і паехаў адразу туды. У ваенкамаце мне адказалі, што яны тут ні пры чым. Тады я чамусьці паехаў у АПВ (аддзел прымусовага выканання), раптам там праблема нейкая. Яны таксама выезд мне не забаранялі, але параілі звярнуцца ў міліцыю. Я на сваю галаву і звярнуўся.

У пастарунку, куды я прыехаў запытацца, мяне адразу арыштавалі. Ня білі і не пагражалі, але абяцалі, што я сяду ў турму 100%. Я думаў, гэта розыгрыш ці метад запалохвання, але, нажаль, яны сваё абяцанне стрымалі. За мой каментар у Тэлеграм у адрас Лукашэнкі, я быў пакараны судом на 2 гады пазбаўлення волі.

Гэта было 2 гады здзекаў. За ўвесь гэты час я ня бачыў нікога з родных. Мяне пазбаўлялі званкоў дадому і доўгіх спатканняў, я не мог нават павіншаваць дзяцей з днём нараджэння. У мяне адбіралі прадукты пры атрыманні пасылак і палілі на вогнішчы перада мной, паказваючы, якія яны ўсемагутныя. У астатніх зэкаў гэта выклікала рэзананс, бо такога ў іх ніколі не рабілі. Я свайго абурэння такімі здзекамі не хаваў, і за гэта мяне адпраўлялі ў ШІЗА*, дзе трымалі суткамі. Людзі, асуджаныя за наркотыкі і забойствы, якія сядзелі разам са мной, знаходзіліся ў лепшым становішчы, чым я.

Пасля вызвалення я атрымаў 2 гады прафуліку**, які ператварыў маё жыццё ў кашмар: пастаянныя праверкі, адзнакі ў міліцыі, начныя візіты, – міліцыя толькі і шукала нагоду, каб зноў адправіць мяне ў калонію. Праз такія праверкі і рэжым дня я ня мог вярнуцца на працу, бо яна звязана з працяглымі камандзіроўкамі. Даволі хутка наступіў момант, калі нашай сям'і проста няма на што стала жыць.

Праз знаёмых у мяне атрымалася зрабіць працоўную візу, і з'ехаць у Еўропу. Але мая жонка баіцца з'язджаць пакуль з краіны і працуе там за капейкі, атрымліваючы 600 рублёў. Я мушу стаць тут на ногі, але пакуль вялікіх грошай таксама зарабіць не магу, а што атрымліваецца адкласці, перадаю праз знаёмых жонцы і дзецям.

Дапамажыце, калі ласка, мне ўладкавацца ў чужой краіне, каб я мог забраць сваю сям'ю і пачаць новае жыццё.
Буду ўдзячны кожнаму за любую пасільную дапамогу!

*ШІЗА (штрафны ізалятар) у беларускай турме – гэта памяшканне, куды зняволеныя могуць быць змешчаныя за розныя парушэнні турэмнага рэжыму. Гэта своеасаблівая форма пакарання ўнутры турмы, якая прымяняецца да тых, хто парушае дысцыпліну або правілы, устаноўленыя адміністрацыяй.

**Прафучак (прафілактычны ўлік) – паводле заканадаўства РБ, гэта назіранне за паводзінамі грамадзяніна, у мэтах папярэджання з яго боку падрыхтоўкі ці здзяйснення правапарушэнняў. Фактычна ўключае ў сябе раптоўныя праверкі па месцы жыхарства, у тым ліку ў начны час, рэгулярныя адзнакі ў аддзяленні міліцыі, праверку змесціва тэлефона.

Сума збору

€2000

€1600 – арэнда жылля на тры месяцы
€400 – рэчы першай неабходнасці (каб уладкаваць жонку і дзяцей)

Сабрана:
€ 15 з 2 000