Падтрымка актывіста, якому давялося перажыць катаванні, суды і страту ўсіх ашчаджэнняў

  • Гісторыя

Я быў незалежным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. у в. Бараўляны Менскага р-на. Падчас аднаго з дзяжурстваў адбыўся ўкід бюлетэняў, пра што я паведаміў у Бараўлянскі аддзел міліцыі, аднак ніякага ўцямлівага адказу так і не атрымаў. Пасля абвяшчэння вынікаў сфальсіфікаваных выбараў, я прыняў актыўны ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым у выніку начных падзей з 09.08.2020 г. па 12.08.2020 г. Я наведваў нядзельныя маршы, а таксама аказваў матэрыяльную дапамогу ў выглядзе перадач затрыманым, якія знаходзяцца ў ІЧУ.

27 сакавіка 2021г., падчас запланаванай акцыі, прысвечанай Дню волі, я быў затрыманы супрацоўнікамі Бараўлянскага аддзела міліцыі, дзе мяне пратрымалі 4 гадзіны, пасля чаго паведамілі, што маё затрыманне было санкцыянаванае супрацоўнікамі КДБ РБ, і «на словах» перадалі, каб я «свае палітычныя погляды трымаў пры сабе». 16.08.2021г. супрацоўнікі КДБ РБ ужо прыйшлі самі, з ператрусам. Мне паведамілі, што я падазраюся ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 289 ч.1 (акт тэрарызму), ўзялі з мяне падпіску аб неразгалошванні і сышлі. Аднак, ужо 21.08.2021г., зноў жа па ўказанні КДБ, у 23.00 да мяне прыйшлі супрацоўнікі Бараўлянскага аддзела міліцыі з паўторным ператрусам. У мяне быў канфіскаваны мой працоўны ноўтбук з неабходным для працы праграмным забеспячэннем і тэлефон са спісам усіх працоўных кантактаў. Навіна аб тым, што ў адносінах да мяне вядзецца крымінальны пераслед, прымусіла адвярнуцца ад мяне ўсіх заказчыкаў і партнёраў. Я быў вымушаны спыніць гаспадарчую дзейнасць, што цягам паловы года прывяло да таго, што я застаўся без сродкаў на існавання.

17.01.2022г. мяне запрасілі на размову ў СК РБ, дзе я ўжо быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗ. Я быў змешчаны ў штрафны ізалятар у ІЧУ на Акрэсціна, дзе разам з 4-ма затрыманымі, якія знаходзіліся ў ім, падвергся катаванням з боку работнікаў ІЧУ. Мне было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 342 ч.1. КК РБ. Праз 10 сутак я быў пераведзены ў СІЗА №1 на Валадарскага, дзе знаходзіўся да суда 22.04.2022 г. Падчас майго ўтрымання ў СІЗА па адрасе маёй прапіскі быў праведзены яшчэ адзін ператрус, падчас якога былі апісаныя тэлевізар, мікрахвалёвая печ, імбрыкі ды іншыя асабістыя рэчы.

Далей пачаліся камеральныя праверкі юрыдычнай асобы з вынясеннем штрафных санкцый, а пасля майго вызвалення пад падпіску аб нявыездзе была анулявана ліцэнзія майго ІП. Рашэннем суда ад 22.04.2022г. за актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і г.д. — мне было прызначанае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў «хіміі» з накіраваннем.

У ліпені я пакінуў тэрыторыю РБ. У выніку майго супрацьстаяння з рэжымам я страціў будаўнічы бізнэс, які быў маёй адзінай крыніцай прыбытку. У сувязі з гэтым прашу аказаць мне дапамогу для далейшага накіравання ў бяспечную для мяне краіну і адаптацыю.

Якая сума неабходна?

1650 € — купля б/у ноўтбука, бо мой быў канфіскаваны падчас ператрусу; купля тэлефона; прадукты харчавання і асабістай гігіены на 2 месяцы; набыццё авіяквіткоў і трансферу ў бяспечную краіну для атрымання палітычнага прытулку.

:
€ 620
Збор завершаны. Сабрана: € 620