Бацьку беларускі асудзілі за пратэсты, але ў сям'і няма грошай на перадачы – ім патрэбная дапамога

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

У 2020 годзе нашая сям'я часта хадзіла на мітынгі. Актыўнейшым за ўсіх быў тата: даваў інтэрв'ю, не хаваў свайго меркавання на працы. І праз нейкі час ім зацікавіліся сілавікі.

Тата двойчы быў на сутках, а некалькі гадоў таму яго арыштавалі паводле крымінальнай справы. Усё праз тое, што ён удзельнічаў у пратэстах. Неўзабаве тату асудзілі. Яму далі вельмі вялікі тэрмін, больш за пяць гадоў. Паводле рашэння суда канфіскавалі значную частку ягонай маёмасці. Мы не бачыліся з ім некалькі гадоў, толькі часам даходзяць лісты.

Для ўсёй нашай сям'і жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Тата для нас усіх – гэта самы блізкі і любімы чалавек, ён усё жыццё заўсёды для нас рабіў усё, што мог, і нават больш. У мяне да гэтага часу перад вачыма стаіць карціна яго затрымання. У той момант нават не разумела, што так доўга не змагу яго ўбачыць. Ужо некалькі гадоў мы не можам абняць яго, сустрэць дзень нараджэння з усмешкай. Проста ігнаруем гэтыя даты, ніхто не збіраецца за сталом – усё адно няма настрою. Пакуль мы не будзем разам, не будзе ніякіх святаў. Я не ведаю, як яшчэ апісаць наш стан – гэтага нельга зразумець, пакуль не зведаеш.

Сувязь з ім ёсць праз маці, ейныя лісты даходзяць. Тата схуднеў амаль на 30 кілаграм і просіць выслаць рэчаў на некалькі памераў менш, бо старыя на ім вісяць. Кажа, што вельмі хоча дадому. Наогул імкнецца трымацца бадзёра – ён ніколі не стане скардзіцца.

Улады растапталі ўсё тое, што тата рабіў 30 гадоў, зрабілі яго злачынцам. Маме ўсё гэта даецца вельмі цяжка, яна ўвесь час на заспакойлівых. Я сама часам магу проста разрывацца ад бяссілля, ад таго, што ніяк не магу яму дапамагчы, нават калі вельмі хачу.

Усё, што нам застаецца — перадаваць яму перадачы. Але праз тое, што шмат з маёмасці бацькі канфіскавалі, сродкаў у сям'і амаль не засталося. Таму жадаем папрасіць у вас дапамогі. Нам трэба рэгулярна збіраць яму перадачы, абнавіць адзенне і штомесяц папаўняць рахунак, каб ён мог купляць сабе прадукты і сродкі гігіены.

Сума збору

€1500

€1000 – дзве пасылкі ў калонію
€500 – штомесячнае папаўненне рахунку таты на працягу паўгода

Сабрана:
€ 594 з 1 500