Дапамога сям'і палітвязня з двума маленькімі дзецьмі

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

2020 год перавярнуў жыцці многіх людзей, і наша гісторыя таксама стала часткай гэтай падзеі. Мы не засталіся ў баку. Мы верылі, што наша краіна стане лепшай, і змагацца за гэта мы гатовыя былі ўсімі сіламі.

Час ішоў. Мы разумелі, што заставацца ў краіне небяспечна, але ўсё ж засталіся. Наперадзе было нараджэнне нашага першынца, на якога мы вельмі доўга чакалі. Потым другая нечаканая і вельмі жаданая цяжарнасць, шчасцю не было мяжы.

Шчасце стала ярчэй, чым думкі аб бяспецы. І аднойчы ў нашую кватэру ўварваліся, забралі мужа, а я засталася адна. Цяжарная і з малым на руках. Гэты час — найгоршы з магчымых.

Бясконцыя думкі. Як быць? Купа перажыванняў, стрэсу, страх за яго, за дзяцей. Праз што яму даводзіцца праходзіць, я не ведаю. Хочацца проста крычаць ад бяссілля.

Праз нейкі час, пасля затрымання, мужа прызналі палітвязнем. І нават у гэтым прысутнічаў страх, што гэта нашкодзіць яму. На дадзены момант нашаму малодшаму сыну ўжо 6 месяцаў і тата яго нават не трымаў на руках, а другому малому 2 гады.

Суд прысудзіў 3 гады пазбаўлення волі і вельмі вялікія штрафы. Жахлівае пачуццё, калі чуеш прысуд і цешышся, што далі не больш (хаця па-сутнасці чалавека без віны зрабілі вінаватым і проста забралі жыццё).

Адной з двума маленькімі дзецьмі вельмі цяжка. Быў час, калі я проста з'яжджала з глузду праз стомленасць — пастаянныя енкі, адначасовая неабходнасць у маёй увазе, бяссонныя ночы і яшчэ трывога і вусціш за каханага чалавека.
Муж забяспечваў нашу сям'ю, і цяпер уся мая дзіцячая дапамога ідзе на перадачы і штрафы. Ведаю, што многія людзі, якія аказаліся ў падобнай сітуацыі, адчуваюць, як мінімум, няёмкасць, калі справа даходзіць да таго, каб папрасіць дапамогі. Гэта цяжка, прызнацца сабе ў тым, што ты не спраўляешся, але выйсця іншага няма. Пазыкі і адказнасць за маленькіх людзей.

Таму вымушана прасіць дапамогі ў зборы сродкаў на жыццё для маіх дзяцей і мяне.

Вера ў тое, што зусім хутка ўсё скончыцца, і ўсе нашыя героі, якія цяпер сядзяць, зноў апынуцца з намі побач, не пакідае, а толькі мацнее. Я ведаю, што ўсё будзе добра! І наша краіна стане свабоднай і шчаслівай, з самымі цудоўнымі людзьмі на гэтай планеце! Бо дабро заўсёды перамагае!

Якая сума неабходна?

2250 € — аплата запазычанасцяў, на побытавыя выдаткі і абследаванне старэйшага дзіцяці.

:
€ 2 250
Збор завершаны. Сабрана: € 2 250