Гісторыя нашага сямейнага пратэсту пачалася ад жніўня 2020 году. Тады мы не змаглі змірыцца з несправядлівымі вынікамі выбараў і сталі ўдзельнічаць у пратэсным руху раёну і гораду. У лістападзе 2020 года мой муж Сяргей адбываў першае адміністратыўнае пакаранне. Яго затрымалі на маршы.
У 2021 годзе знешне актыўныя пратэсты прыйшлося перамясціць у партызанскія. Наша сям'я працягвала валанцёрыць. Мы дасылалі лісты і пасылкі палітвязням, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў сустрэчах з аднадумцамі і інш. Рабілі, што маглі, каб парадаваць суседзяў і наш раён у цэлым.
Другое затрыманне адбылося 27 верасня 2022 года. У 07.30 раніцы нам пачалі выламваць дзверы з патрабаваннем адчыніць міліцыі. Нягледзячы на тое, што мы не аказвалі ніякага супраціву, Сяргея адразу пачалі збіваць, выкарыстоўваючы для гэтага патэльню. Таксама падвяргалі катаванням электрашокерам. Нашы малалетнія дзеці знаходзіліся ў суседнім пакоі пад канвоем і ўсё гэта чулі. Пры ператрусе нічога не знайшлі, аднак нас павезлі ў ГУБАЗіК. Дзеці засталіся адны дома ў цалкам ператрэсенай кватэры. Пасля складання пратаколу, мужа працягнулі збіваць і катаваць электрашокерам, каб ён яго падпісаў. Пагрозамі прымусілі падпісаць пратакол і мяне. Чым можна пагражаць маме? Вядома, канфіскацыяй дзяцей!
Потым сказалі вывучыць пратакол і знялі прызнальнае відэа. Нас перавезлі ў РУУС. Сяргею прысудзілі 13 сутак арышту за «дробнае хуліганства», а на мяне склалі пратакол за рэпост артыкула з экстрэмісцкага тэлеграм-каналу. Пасля мяне адпусцілі, бо дзеці засталіся адныя, з абавязацельствам з'явіцца на допыт раніцай. У ГСК на мяне узбудзілі крымінальную справу.
Мужа ўтрымлівалі ў невыносных умовах (19 чалавек у 4-х мясцовай камеры), не было матрацаў і бялізны, не хапала месца нават на падлозе, каб спаць усім адначасова, таму рабілі гэта па чарзе. Ні лекаў, ні мыла, ні іншых сродкаў гігіены не было. Перадачы забароненыя. Адпаведна — вошы, каранавірус, прастуда і распухлыя ногі ад збіванняў. Апошнія трое сутак ён правёў у аднамесным карцэры. Агулам іх там было 7 чалавек. Спалі на бетоннай падлозе. Днём забаранялі ляжаць і сядзець.
Следчыя органы кваліфікавалі нашы справы як крымінальныя з абвінавачаннем «у спробе звяржэння ўлады сілавым шляхам». Быў забаронены выезд з краіны. Аднак Сяргея цудам удалося часова вызваліць па хадайніцтве ў доглядзе ляжачай маці. У той жа дзень намі было прынятае рашэнне экстрана з'язджаць з краіны.
У сувязі з пераездам наша сям'я патрапіла ў цяжкае фінансавае становішча. Муж знаходзіцца ў стадыі афармлення дакументаў для магчымасці трапіць у Еўропу. Я і дзеці змаглі вырвацца. Сродкаў, якія ўдалося сабраць — хапіла на пераезд і арэнду кватэры на першы час, а ў нас шматдзетная сям'я. Сяргея, натуральна, звольнілі з працы, і ён пакуль не можа зарабляць, бо яшчэ не дабраўся ў канчатковую кропку, а я не магу пакінуць дзяцей адных дома, бо іх не прымаюць у мясцовую школу без неабходных дакументаў. Уся маёмасць засталася ў Беларусі. Прыехалі кожны з невялікім заплечнікам. Прадаць якую-небудзь маёмасць таксама не ўяўляецца магчымым. А яшчэ трэба дапамагаць старэйшаму сыну (аплата нашай кватэры, крэдытаў) і старым бацькам-пенсіянерам, якія засталіся ў РБ.
Спадзяемся на найхутчэйшае вырашэнне нашых пытанняў і не адчайваемся.
Жыве Беларусь. Слава Украіне. Мы пераможам.
Якая сума неабходна?
3600 € — арэнда жылля; харчаванне і цёплае адзенне; медыцынскія абследаванні, аналізы і лекі; пераезд мужа і атрыманне дазвольных дакументаў.