Прывітанне!
Мяне завуць Максім.
(імя з меркаванняў бяспекі змененае, Фонд BYSOL мае ўсе ідэнтыфікацыйныя дакументы).
У 2018 годзе я звольніўся з МУС, бо стаміўся ад сістэмы і захацеў адчуць сябе чалавекам. Спачатку было складана — даводзілася вучыцца размаўляць з людзьмі, вучыцца выбудоўваць адносіны, шукаць і перазбіраць сябе нанова. Але да 2020 году я асвоіўся. У мяне з'явілася нядрэнная праца, дзяўчына, і ўпэўненасць у сабе і ў сваім «заўтра». Незадоўга да выбараў мы з маёй каханай даведаліся, што хутка станем бацькамі. Узрадаваліся, зладзілі вяселле.
Але паралельна было адчуванне, што штосьці не так. Памятаю, напрыканцы ліпеня мне патэлефанаваў былы калега і паміж справай спытаў, ці гатовы я атрымліваць палкай па дупе, калі пайду на мітынг? А я адказаў, што ў мяне цяжарная жонка, таму ні пра што такое не думаю. Але было непрыемна.
А потым наступіла 9 жніўня. За ім – дні гвалту. Гэта было настолькі жахліва, што я не ведаў, што рабіць. Як усе, хадзіў на акцыі і ўдзельнічаў у дваровых актыўнасцях. Аднойчы ўвечары, калі я вяртаўся дадому, мяне затрымалі. 2 дні нічога не паведамлялі маім блізкім, пакуль жонка з'язджала з глузду і з пузам шукала мяне па Менску. На трэці дзень я зламаўся. Мне сказалі, што калі я не падпішу прызнання, то прыйдуць да мяне дадому з ператрусам, а там можа нешта здарыцца з маёй жонкай…
Быў суд. Мяне абвінавацілі па 339 і 369 артыкулах (арт. 339 КК РБ – хуліганства, учыненае групай асобаў; арт. 369 КК РБ – абраза прадстаўніка ўлады) і далі 3 гады «хіміі» (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). За час, пакуль я знаходзіўся не дома, жонка нарадзіла сына, і ўвогуле шмат што змянілася. Краіна стала іншай.
Пасля вызвалення я зразумеў, што трэба з'яжджаць, бо спакойнага жыцця мне не дадуць. У снежні я сабраў рэчы, забраў сям'ю і з'ехаў у Варшаву. Цяпер тут думаю аб тым, як пачаць новае жыццё. Прашу вашай дапамогі.
Сума збору:
€2400
€1600 – аплата двухмесячнай арэнды кватэры + паслугі рыэлтара
€600 – ежа на 2 месяцы для 3 чальцоў сям'і
€200 – рэчы першай неабходнасці для сына.