Праз палітычны пераслед і наступную дэпартацыю без дакументаў за межы Беларусі Максім* на доўгія месяцы апынуўся разлучаны са сваёй сям’ёй. Яму патрэбна дапамога, каб перавезці сям’ю ў Літву і аб’яднацца з ёю.
Мяне завуць Максім*. Я з тых, чыё жыццё аднойчы перакрэслілі два кароткія каментарыі ў Telegram. За гэта я атрымаў 2 гады зняволення. 13 снежня 2025 года разам з дзесяткамі іншых палітзняволеных быў гвалтоўна дэпартаваны з краіны і канчаткова разлучаны са сваёй сям’ёй.
Зараз я ў Літве, праходжу працэдуру атрымання статусу бежанца. Сем месяцаў я спрабую нанова сабраць сваё жыццё. Дзякуючы атрыманай дапамозе пасля дэпартацыі я знайшоў сабе скромнае жытло, прыйшоў патроху ў сябе. Разавыя падпрацоўкі даюць мне магчымасць набываць сабе прадукты. Але працэдура афармлення дакументаў яшчэ ідзе, і ў мяне без легалізацыі няма магчымасці знайсці добрую стабільную працу, каб я мог зняць нармальную кватэру на чацвярых і перавезці сваю сям’ю.
Для мяне аказалася самым цяжкім выпрабаваннем не выклікі эміграцыі, а паўтары гады не абдымаць сваіх дзяцей і жонку.
Кожны наш відэазванок – гэта адначасова і шчасце, і невыносны боль. Дзеці плачуць у экран тэлефона і пытаюцца: «Тата, калі ты нас забярэш?!». Кожны раз я хаваю слёзы і кажу ім тое, у што сам з усіх сіл спрабую верыць: «Трэба яшчэ трохі пачакаць »
Мая жонка ўвесь гэты час адна нясе на сабе груз клопатаў, фінансавых праблем і няяснай будучыні. Я адчуваю, як яна стамілася, як ёй цяжка, і я бяссільны ёй дапамагчы. Адлегласць і гэтая праклятая нявызначанасць выпіваюць з нас усе сілы.
Каб мая сям’я магла прыехаць да мяне ў Літву, мне трэба закрыць толькі адно крытычнае пытанне – арэнду кватэры, дзе змогуць размясціцца жонка і двое дзяцей, і самыя базавыя выдаткі на іх пераезд.
Я так мару, зайшоўшы ў кватэру, пачуць смех маіх дзяцей і проста прытуліць жонку, замест гэтых відэасустрэч па тэлефоне. Гэты збор – шанец для нас чацвярых зноў стаць цэлай сям’ёй.
Дзякуй кожнаму, хто падставіць плячо.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенеравана з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2500
€2200 – арэнда кватэры на два месяцы + залог + камунальныя
€300 – рэчы першай неабходнасці для сям’і на першы час
