Мяне клічуць Сяргей, мне 41 год. Мы з жонкай і сынам зараз жывём у Швецыі, у падвале пры царкве. Гэта часовы прытулак, за які мы ўдзячныя, але, вядома, гэта не дом. Мы з усіх сіл спрабуем змяніць наш лёс у лепшы бок і чакаем папаўнення, але без вашай дапамогі можам не здолець.
У 2020 годзе я не змірыўся з тым, што скралі наш выбар, штодня выходзіў на акцыі. 9 жніўня стаяў на Нямізе, калі сілавікі ўпершыню прымянілі светлашумавыя гранаты. АМАП схапіў майго сябра, але я цудам пазбег арышту. Пазней я «засвяціўся» падчас пратэстаў на відэа і фота, у тым ліку на камеры з распазнаваннем асобы, на плошчы Бангалор. У мяне прыкметныя тату – маё затрыманне было толькі пытаннем часу.
Мы з жонкай працягвалі жыць і працаваць, але трывога нарастала. У 2023 годзе сілавікі некалькі разоў прыходзілі да маці. Па адрасе прапіскі мне тэлефанавалі з міліцыі і настойліва «запрашалі на гутарку».
Стала зразумела: арышт і турма – гэта пытанне блізкай будучыні, таму мы вырашылі з'язджаць пры першай жа магчымасці. Больш за 8000 кіламетраў праз Расію, Турцыю і Грэцыю, і вось мы ў Швецыі. Ужо на трэці дзень страцілі торбу з дакументамі і грашыма. З таго часу жывём без пашпартоў.
За амаль два гады мы прайшлі праз 12 адмоў у міграцыйным агенцтве: тры па справе, астатнія па апеляцыях. Нам казалі, што «на радзіме нічога не пагражае», не ўнікалі ў нашу гісторыю і не хацелі разбірацца, што значыць быць беларусам пасля 2020 года. Бюракратыя аказалася глухая да нашага вопыту, да фота і відэа з пратэстаў, да рэальнай пагрозы пры вяртанні. Цяпер мы падалі 13-ую заяву – упершыню без адмовы.
Спачатку нас прынялі ў лагеры для прасіцеляў прытулку. Але 3 студзеня 2025 года выселілі, анулявалі ўсе выплаты і дакументы. Цяпер мы не маем права працаваць, разлічваць на медыцынскую дапамогу або арандаваць жыллё. Але мы ўсё яшчэ тут. Мы не здаёмся.
Самае галоўнае, што здарылася з намі за апошні час, – мая жонка зацяжарыла. Упершыню за 17 гадоў. Для нас гэта цуд. Мы былі ўпэўненыя, што дзяцей больш не будзе, але пачалося новае жыццё. І мы вельмі хочам, каб яно працягнулася ў бяспецы.
Хоць гэта ўжо 13-я заява на абарону, спадзяёмся, што яна стане шчаслівай. Адсутнасць адмовы дае нам надзею. Вельмі шмат залежыць ад таго, ці выстаім мы цяпер: ці зможам проста пражыць, дачакацца рашэння, падрыхтавацца да родаў.
У бальніцы паведамілі, што ў нашай сітуацыі спатрэбіцца кесарава сячэнне. А без дакументаў, страхоўкі і афіцыйнага статусу гэта платная і вельмі дарагая аперацыя. Мы не справімся без падтрымкі.
Разумеем, што нам ніхто нічога не павінен. Але калі нехта адгукнецца, значыць Бог яшчэ з намі. Нам патрэбна дапамога, каб аплаціць роды, перажыць гэтыя месяцы і падрыхтаваць бяспечную сустрэчу новага жыцця.
Сума збору
€4000
€ 3000 – кесарава сячэнне
Гэта мінімальная сума, якую нам трэба будзе заплаціць за аперацыю і неабходную шпіталізацыю, уключаючы пасляаперацыйны догляд для мамы і малога. Без дакументаў і страхоўкі, усё за свой кошт.
€500 – падрыхтоўка да родаў
Аптэчка, вітаміны, базавыя аналізы, рэгулярныя агляды – усё гэта важна, каб цяжарнасць прайшла бяспечна. Мы зараз не маем доступу нават да самай базавай медыцынскай дапамогі.
€500 – харчаванне і базавыя патрэбы сям'і
Да родаў засталося няшмат, а мы жывём у падвале і не атрымліваем ніякай падтрымкі ад дзяржавы. Гэтыя сродкі дапамогуць нам выжыць бліжэйшыя месяцы: купляць ежу, адзенне, гігіену, рэчы для нованароджанага.
Калі нам атрымаецца сабраць крыху больш, мы накіруем усё на ўладкаванне бяспечнай прасторы для дзіцяці.