Вольга* – адна з тых, хто за актыўны ўдзел у мірных маршах супраць дзейнай улады ў Беларусі трапіла ў жорны рэпрэсіўнай сістэмы.
Прайшоўшы зневажальнае затрыманне ў 2021 годзе супрацоўнікамі ГУБАЗіК, калі ёй не далі апрануцца, дастаўшы з ложка; адбыўшы содні ў ІЧУ на Акрэсціна і паўгады ў СІЗА на Валадарскага ў падвальнай камеры з цвіллю і сырасцю, Вольга знаходзілася ў цяжкім маральным і фізічным стане.
Але апынуўшыся ў калоніі, яе жыццё ператварылася проста ў катаванне.
«З першых дзён майго знаходжання ў калоніі мяне маральна катавалі і прыніжалі, каб зламаць мой дух», – расказвае Вольга.
«Мяне ставілі ў клетку, якую размяшчалі пасярод тэрыторыі калоніі такім чынам, каб было відаць усім супрацоўнікам і асуджаным. Акрамя гэтага, да мяне, як і да іншых палітычных, чапляліся па любой нагодзе, і праз некалькі месяцаў я ўжо мела 3 парушэнні. Праз гэта я мела статус асуджанай, якая злосна парушае агульны рэжым, і была практычна пазбаўлена спатканняў, атаваркі ў мясцовай краме, перадач».
Праз недастатковае харчаванне ў Вольгі пачалі выпадаць валасы, з'явіліся сур'ёзныя праблемы з зубамі, якія ёй не лячылі, а проста вырывалі.
«Вечнае прыніжэнне і абвінавачванні мяне ў тым, чаго я не рабіла, увайшлі ў норму. Мяне абражалі жудаснымі словамі, паказальна вадзілі да гінеколага на «праверку». За некалькі тыдняў да канца тэрміну мяне змясцілі ў ШІЗА, адкуль я і выйшла па заканчэнні тэрміну».
Апынуўшыся на волі, з забаронай на выезд і пастаяннымі праверкамі, Вольга ўжо 2 гады як без працы. Дзяржаўныя арганізацыі на працу яе не бяруць, а прыватныя працадаўцы баяцца пераследаў і праверак.
«Я прашу дапамагчы мне сабраць трохі сродкаў, каб пасля заканчэння забароны на выезд я мела грошы выехаць і знайсці абарону за межамі Беларусі, – кажа Вольга. – У чаканні ад'езду мне б хацелася паправіць здароўе, якое яшчэ спатрэбіцца ў чужой краіне, але на гэта ў мяне зусім няма грошай». Маё зняволенне нібы працягваецца, і я толькі жыву марай хутчэй вырвацца з гэтай пасткі».
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Выява згенеравана з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2000
€500 – кансультацыі і лячэнне ў стаматолага ў Беларусі
€1500 – сродкі на дарогу, арэнду на першы час жытла і нейкую ежу