«Хачу зноў кіраваць сваім жыццём і дапамагаць жанчынам быць прыгажэйшымі»

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Да лета 2020-га беларуска Карына* жыла звычайным жыццём – працавала ў офісе, будавала планы. Але жнівень 2020 года перакуліў усё.

«Я выходзіла на маршы, раздавала ўлёткі, дапамагала дваровым ініцыятывам і верыла, што мы маем права на сумленныя выбары і годнасць. Але аднойчы да мяне прыйшлі сілавікі. З гэтага дня маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля», – узгадвае жанчына.

Карыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Першыя два тыдні яе перавозілі кожныя тры дні паміж ізалятарамі, трымалі без сну, у голадзе і холадзе, пад пастаянным псіхалагічным і фізічным ціскам.

«Я падвяргалася прыніжэнням, пагрозам і катаванням, – распавядае беларуска. – Ад стрэсу і ўмоў я моцна схуднела, маё здароўе было падарванае. Затым – паўгода ў турме Жодзіна. Жорсткі рэжым, стрэс, адсутнасць медыцынскай дапамогі – усё гэта пакінула след, з наступствамі якога я жыву да гэтага часу».

Далей былі абвінавачванні ў «абразе прэзідэнта» і «прадстаўніка ўлады». У чэрвені 2022-га суд скараў яе на тры гады абмежавання волі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Пакуль ішла апеляцыя, я зразумела: волі пасля яе не будзе. З адным заплечнікам бегла праз мяжу ў Літву», – дзеліцца беларуска.

У Вільні жанчына аказалася без дакументаў, мовы і грошай. Працавала ў асноўным цяжка і фізічна. Ад гэтага абвастрыліся хранічныя хваробы, з'явіліся праблемы са спінай.

«У Беларусі ў мяне была стабільная праца ў офісе, я жыла звычайным жыццём, – наракае Карына. – Цяпер я адчуваю, як кожны падняты цяжар вяртае мяне ў жодзінскі СІЗА».

Сёння жанчына засталася без сталага заробку і вельмі хоча змяніць сваё жыццё. Яе мара – асвоіць прафесію ў сферы б'юці-індустрыі, прайсці курсы па перманентным макіяжы, атрымаць спецыяльнасць, пачаць працаваць і быць незалежнай.

Для Карыны гэта не проста прафесія, а шанец аднавіць кантроль над сваім жыццём, зноў быць патрэбным, упэўненым у заўтрашнім дні.

«Я звяртаюся да вас з просьбай дапамагчы мне аплаціць курсы і жыллё на час вучобы. Мне вельмі цяжка прасіць, але я ведаю, колькі добрых і неабыякавых людзей дапамагалі адно аднаму ў самыя цёмныя моманты нашай гісторыі. У 2020 годзе мы адчувалі неверагодную моц салідарнасці. Веру, што яна жывая і зараз», – перакананая Карына.

*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Малюнак згенераваны з дапамогай ШІ.

Сума збору
€2900

€1700 – аплата курсаў па перманентным макіяжы броваў (тры тэхнікі — пудравая, валасковая, камбінаваная);
€500 – набыццё апарата і матэрыялаў для працы;
€500 – арэнда жылля на месяц;
€200 – харчаванне і транспарт.
 

Сабрана:
€ 35 з 2 900