Яўгену дыягнаставалі вазаматорны рыніт больш за 10 гадоў таму, але стан толькі пагоршыўся. Цяпер мужчыне паказаная аперацыя, але аплачваць яе ён мусіць самастойна.
Гісторыя Яўгена пачалася, як ён апісвае сам, з выхаду на пратэсты ў Мінску ўлетку 2020 года, калі Віктара Бабарыку не зарэгістравалі для ўдзелу ў выбарах. Тады Яўгена затрымалі, і праз некалькі дзён на Акрэсціна далі штраф. Пасля выбараў пратэсты працягнуліся, і Яўген вырашыў з’язджаць:
– Сядзець і маўчаць я не мог, і разумеў, што ў Беларусі скончу альбо турмой, альбо смерцю. Сабраў усе свае пажыткі і з’ехаў на аўтобусе ў Адэсу. Выходзіў на акцыі беларусаў кожную нядзелю, працаваў. Калі пачалася вайна, застаўся ва Украіне, трохі займаўся валанцёрствам, асабліва на пачатку. З’язджаць кудысьці далей не хацелася, ды і магчымасці цалкам не было.
У 2022 годзе на мяне завялі крымінальную справу і абвесцілі ў вышук. Потым я застаўся без пашпарта – стары скончыўся, а новы атрымаць не магу. Застаюся ва Украіне, жыву, як магу.
Без нармальных дакументаў складаней вырашыць сваю старую праблему са здароўем. У мяне больш за дзесяць гадоў быў хранічны вазаматорны рыніт. Яшчэ ў Віцебску ў 2011 годзе мне рабілі аперацыю, але яна не дала ніякага выніку.
Жыць з такім дыягназам можна. Але ў мяне ўжо развілося апноэ падчас сну (поўная кароткачасовая прыпынка дыхання), праз што да пяці дзён на тыдзень моцна баліць галава. Прычым з самай раніцы: прачынаешся, а галава «як з свінцу». Бывае, п’ю па 4-6 таблеткі, каб адпусціла, і стараюся чаргаваць абязбольвальныя, каб менш нашкодзіць вантробе. Але гэта не можа працягвацца бясконца.
Пракансультаваўся з лекарам у Адэсе, ён параіў рабіць аперацыю. Таму што апноэ прагрэсуе, бывае, я магу сумарна ўначы не дыхаць гадзінамі. Гэта вельмі рызыкоўна.
Але ў маёй сітуацыі з пратэрмінаванымі дакументамі я магу рабіць аперацыю толькі цалкам за свай рахунак. Аплочваць трэба ўсё, ад наркозу да аднаўлення. Па кошце такое я самастойна не цягну, жыву падпрацоўкамі, бо з пратэрмінаваным пашпартам мала куды бяруць.
Буду вельмі ўдзячны за дапамогу.
Сума збору
€900 – аперацыя, знаходжанне ў стацыянары і аднаўленне
