Маё імя Яўген.
Я былы палітвязень і мне вельмі патрэбна ваша дапамога.
Знаходзячыся ў Жодзіне ў следчай турме я нечакана даведаўся, што хворы на ВІЧ*. Маё жыццё ў той момант перавярнулася дагары нагамі, і з таго часу я знаходжуся ў сапраўдным пекле. У пошуках выйсця я вырашыў звярнуцца да вас за дапамогай.
Па майму разуменню ўлада ў 2020 годзе перайшла ўсе межы дазволенага. Праз гэта я і прыняў удзел у акцыях пратэсту ў нашым горадзе, да якіх з кожным днём далучалася ўсё больш і больш людзей. Я хацеў выказаць сваё абурэнне гвалтам і самавольствам уладаў. Я не прапусціў ніводнага маршу, таму не дзіўна, што трапіў на фота. Але аб сваёй актыўнасці не шкадую, я не мог бы і сёння абыякава глядзець як збіваюць людзей.
Прайшло амаль тры гады пасля падаўлення пратэстаў. Я быў упэўнены, што ўсё даўно скончылася. І раптам у чэрвені 2023 года праз мэсэнджер мне даслалі фота з пратэстаў, на якім быў я, і папрасілі прыехаць у Следчы камітэт у якасці сведкі. Аднак як толькі я ўвайшоў у кабінет, мяне адразу ж арыштавалі і прад'явілі абвінавачанне па 342 артыкуле (арт. 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
За некалькі месяцаў я прайшоў Акрэсціна, Жодзіна і Валадарку, але менавіта Акрэсціна пакінула глыбокі след на маёй псіхіцы. Перапоўненыя камеры, бяздомныя, пастаянна ўключанае святло, праверкі па некалькі разоў за ноч, пастаянныя знявагі – невыносна было трываць усе гэтыя здзекі. А калі раптам я даведаўся, знаходзячыся ў турме, што ў мяне ВІЧ, мой свет абрынуўся беззваротна. Горш за ўсё тое, што лячэння я не атрымліваў, нягледзячы на мае шматлікія просьбы. Кожны дзень, што я быў без тэрапіі, няўхільна пагаршаў мой імунітэт. Я ўвесь час хварэў – гэта моцна падкасіла маё здароўе. Маральна мне было яшчэ горш.
У верасні 2023 года нарэшце адбыўся суд, які мне прысудзіў да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі»**. Акрамя таго, што «хатняя хімія» сама па сабе змяшчае дужа разнастайных забарон і абмежаванняў, супрацоўнікі міліцыі трымалі мяне ў напружанні ўвесь час дадаткова. Прыходзілі раптоўна з праверкамі дадому, каб заспець мяне знянацку і зафіксаваць парушэнне рэжыму. Часта прыходзілі па некалькі разоў за ноч, каб злавіць момант, калі я моцна засну і не пачую, што яны прыйшлі. А калі ты не адчыніў дзверы, значыць парушыў рэжым «хатняй хіміі». Парушэнні цягнуць за сабой адміністрацыйны арышт. За паўгады я паспеў двойчы адседзець па 15 содняў на Акрэсціна. У траўні 2024 года мяне павінны былі адправіць за чарговае парушэнне на Акрэсціна ў трэці раз. А трэці раз азначае перавод з рэжыму «хатняй хіміі» ў калонію. Гэтага я дапусціць не мог. Я і так ледзь вытрымліваў тое, што адбываецца са мной, і таму вырашыў уцякаць. Рашэнне было даволі спантанным, дзейнічаць прыйшлося хутка і рашуча, таму я аказаўся ў Літве літаральна з голымі рукамі.
Зараз, пакуль я чакаю рашэнне аб міжнароднай абароне, з пошукам працы ў мяне вельмі складана. Афіцыйна мне працаваць нельга, а неафіцыйную падпрацоўку знайсці цяжка. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што праз аслаблены арганізм мне не рэкамендавана працаваць на сонцы і дзе патрабуецца вялікая фізічная нагрузка.
Паўнавартасна працаваць у мяне атрымаецца пасля працяглага праходжання тэрапіі, якую апошні раз я прымаў толькі ў Беларусі. Бясплатна гэта будзе магчыма па медстрахоўцы, але я буду яе мець толькі разам з міжнароднай абаронай. А пакуль у чаканні рашэння Дэпартамента міграцыі я застаўся адначасова і без сродкаў існавання, і без тэрапіі.
Без грошай я не магу купіць сабе неабходныя лекі, мой імунітэт зноў упаў, і мой фізічны стан пагаршаецца. Акрамя гэтага, у мяне пасля зняволення так і не наладзіўся рэжым сну, я знаходжуся ў хранічнай дэпрэсіі і няўстойлівым псіхалагічным стане. Нягледзячы на тое, што я знаходжуся ў Літве ў бяспечнай для мяне краіне, я ўціскаюся ў сцяну, убачыўшы паліцыянта на вуліцы. Я ў роспачы і мне вельмі патрэбна ваша дапамога!
Аплата тэрапіі ад ВІЧ і арэнды жылля на першы час, мяне проста выратуюць!
Я загадзя ўдзячны кожнаму, хто не прайшоў міма маёй бяды!
* ВІЧ – гэта скарочаная назва віруса, які прыгнятае імунную сістэму. І хоць няма лекаў, якія цалкам вылечваюць ад яго, існуюць прэпараты, якія спыняюць павелічэнне віруса ў арганізме і дазваляюць інфіцыраваным клеткам аднаўляць сваю функцыю. Важна хвораму штодня прымаць лекі, каб прадухіліць размнажэнне віруса і развіццё яго рэзістэнтнасці.
**«Хатняя хімія» – гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкід смецця. З праверкай міліцыянеры могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час.
Заўвага BYSOL
Сума збору
€2900
€ 1400 – арэнда жытла на 4 месяцы (прыкладна € 350 штомесяц)
€ 1500 – кошт тэрапіі ад ВІЧ на 4 месяцы (прыкладна € 370 штомесяц)