Сям'я Эміліі Пранскутэ і Ўладзіміра Ціхановіча апынулася ў Літве праз палітычны пераслед. Пакінуўшы ў Беларусі ўсё сваё мінулае жыццё, у Літве яны жылі на сціплы заробак Уладзіміра. У верасні яго збіла машына, і на час яго лячэння і аднаўлення іх сям'я апынулася ў адчайнай фінансавай сітуацыі.
Мяне завуць Эмілія. Я родам з Літвы, але больш за 35 год пражыла ў Беларусі. Працавала ў тэатры імя Горкага 26 гадоў, на тэлебачанні ў праграме «Калыханка» і іншых праектах, выкладала ва Універсітэце культуры і Беларускай акадэміі мастацтваў. Кожны раз пры падаўжэнні віда на жыхарства я падпісвала кучу папер, з якіх было зразумела, што любое маё супрацьпраўнае дзеянне пагражае дэпартацыяй.
У 2020 годзе за мой донат у адрас BYSOL я атрымала спачатку вялікі штраф, потым была звольненая з універсітэту і акадэміі, якім аддала шмат гадоў. Пасля мяне звольнілі з тэатра, дзе я працавала. Пра тое, што я стала пагрозай нацыянальнай бяспецы, я даведалася з апавяшчэння аб дэпартацыі.
Так, праз дзесяцігоддзі я апынулася ў Літве, з забаронай вяртацца ў Беларусь 10 гадоў. У Беларусі ў мяне засталося ўсё: кватэра, сваякі і сябры, – усё маё жыццё, увогуле.
Мой муж, Уладзімір Ціхановіч, працаваў на БТ шмат гадоў тэлеаператарам. У 2020 годзе ён прыняў удзел у забастоўцы і нейкі час цудам прапрацаваў да канца кантракту, які яму, зразумела, не падоўжылі. Валодзя спрабаваў знайсці працу ў Беларусі, але для «нядобранадзейнага» тэлеаператара гэта было немагчыма.
Цяпер мы абодва жывём у Літве. Мой муж стаў адзіным карміцелем у сям'і. Мне за ўвесь гэты час не атрымалася знайсці працу праз дрэнны стан здароўя пасля перанесенай траўмы нагі. Падпрацоўваю рэпетытарствам, але на гэта, вядома, не пражывеш.
Звярнуцца да вас па дапамогу мяне прымусіла бяда. У верасні 2025 года Валодзю збіла машына, ён атрымаў сур'ёзную траўму сцягна. Ён ужо перанёс аперацыю і ўжо не ў шпіталі, але яшчэ пару месяцаў яму нельга хадзіць і трэба будзе працяглая рэабілітацыя. Паколькі ён у Літве ажыццяўляў індывідуальную працоўную дзейнасць, яму не належыць бальнічны і ніякіх адпаведных выплат.
Уладзімір у пасцельным рэжыме, хоча хутчэй акрыяць, спадзяёмся, што ўсё пройдзе без вялікіх наступстваў. Дактары кажуць, што калі ў тазасцегнавым суставе захаваецца кровазабеспячэнне, то шанец ёсць, у адваротным выпадку неабходна будзе замена сустава.
У мяне тут статус беспрацоўнай, але, паколькі я ніколі ў Літве не працавала, бо жыла і працавала ў Беларусі, то нават невялікая дапамога мне не належыць.
Мы абодва аказаліся ў адчайнай сітуацыі і я прашу дапамогі, каб перажыць гэты цяжкі час для нашай сям'і ў эміграцыі.
Сума збору
€3000
€1600 – аплата за арэнду кватэры
€1000 – медыцынскія выдаткі і рэабілітацыя
€400 – харчаванне