Дапамога пенсіянерцы, якая з'ехала праз пратэсты, аднавіць здароўе і вылечыць зубы

  • Гісторыя

Мяне завуць Алена Панякова, мне 60 гадоў. Цяпер я на пенсіі.

Хоць я родам з Гомеля, выбары 2020 года сустрэла ў Менску – за некалькі гадоў да гэтага пераехала туды да дачкі. Стажу для пенсіі хапала, таму я ўжо не працавала і проста дапамагала ёй.

Да 2020 года магла яшчэ сумнявацца ў тым, хто з палітыкаў мае рацыю, а хто не. Але пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага адразу зразумела, што не будзе ў краіне парадку, трэба нешта мяняць. І была ўпэўнена на 100%, што мы сваімі мітынгамі пераможам. Памятаю 16 жніўня – мы плакалі ад радасці, што прыйшло столькі людзей, і я была ўпэўненая, што вось-вось скінем Лукашэнку. І далей працягнула хадзіць, і на маршы пенсіянераў, і на агульныя, расклейвала ўлёткі.

Вядома, было боязна. Адзін раз, памятаю, АМАП атачыў нашу кампанію пенсіянераў. Я сама высокая, а побач з мной стаяла Ніна Багінская – маленькая, худзенькая, іншыя жанчыны, божыя дзьмухаўцы, ім па 80 гадоў. Мы за рукі ішлі. Амапаўцы глядзяць проста на нас, а Ніна і іншыя мне кажуць: «Не бойся, дзетка, нахабна глядзі ім у вочы, і нічога яны табе не зробяць». Вось такія яны смелыя. Увогуле, не магла я сціхнуць і сядзець дома. Усё думала, добра сама, але ж дачка маладая – хочацца, каб нашы дзеці жылі нармальна. Каб нарэшце сышоў Лукашэнка – ужо проста немагчыма было глядзець, як ён захлусіўся.

Спачатку мяне не чапалі. А потым вясной 2021 года даслалі позву і паклікалі на размову ў Завадское РУУС. Але я не пайшла. І тады зразумела, што мяне пасадзяць, калі не замоўкну. На нейкі час заціхла – перасталі чапаць. Так дажыла да 2022 года. А потым у адзін дзень суседзі распавялі, што ў маю кватэру днём прыходзіла міліцыя — шукалі. Ад такіх навін спалохалася, з'ехала на лета на дачу. Потым вярнулася — і ў нейкі дзень зноў прыйшлі. Тады зразумела, што мяне ўжо сапраўды шукаюць і пасадзяць, калі знойдуць. А ў мяне цукровы дыябет, гіпертанія – я ў турме проста не выжыву. І дачка адна з глузду з'едзе. Таму мы вырашылі ўсё кінуць і з'ехаць.

У кастрычніку 2022 года мы прыехалі ў Польшчу. Я перад гэтым ляжала ў шпіталі, выпісалася — і ў той жа дзень мы з дачкой селі ў машыну і паехалі. Наогул не ведалі, што рабіць: спыталі ў памежнікаў, дзе Беласток, яны паказалі — і мы туды. Вельмі плакалі тады і бедавалі. Але я была рада, што зараз можна не баяцца ўсяго запар.

За гэты час крыху асвоіліся. Дачка працуе, а я не магу праз здароўе. У мяне і дыябет, і гепатыт C ужо даўно, і іншыя праблемы. Пайшла б хоць прыбіральніцай, але вельмі хутка стамляюся – проста схадзіць на заняткі польскай і тое складана. Таму жыву на беларускую і польскую пенсію – 600 рублёў і амаль 9 злотых. Вельмі дапамагае дачка. А я стараюся без справы не сядзець, працягваю змагацца, як магу: хаджу на мітынгі, даю інтэрв'ю, вяду сацсеткі. Так мы з ёю і жывем.

Усё быццам бы было ў парадку, пакуль каля года таму ў мяне не з'явіліся праблемы з зубамі. Дакладней, у сакавіку мінулага года пачала балець спіна – лекары сталі разбірацца, і аказалася, праз тое, што з аднаго боку няма зубоў, перакасілася сківіца. А гэта ўплывае на хрыбетнік. І лекары сказалі тэрмінова займацца зубамі, інакш буду хадзіць зусім хворая. Вось тады яны сталі лячыць, ірваць і ставіць новыя. Частку зрабілі (на гэта спатрэбілася амаль 15 тысяч злотых), але гэта былі ўсе мае зберажэнні. Нават не думала, што ўсё гэта будзе каштаваць так дорага, разлічвала, што буду сама паволі ставіць і ўкладуся ў тую суму.

Я вельмі не хацела звяртацца па дапамогу, думала, як-небудзь спраўлюся. Бо ў беларусаў за мяжой і так грошай няшмат, ды і ёсць нашмат цяжэшыя гісторыі, калі людзі выходзяць з турмы. Я сама некаторым дапамагаю, то адзеннем, то яшчэ чым. Але цяпер мне таксама вельмі патрэбна падтрымка. Верхняя сківіца засталася без зубоў, і чым хутчэй я змагу гэта выправіць, тым лепш будзе для здароўя.

Сума збору

€4000

чатыры каронкі і два зубныя масты, якія засталося ўсталяваць.

Сабрана:
€ 743 з 4 000