«Супрацоўніца збівала мяне дубінкай за адмову зняць нацельны крыжык і бюстгальтар». 60-гадовай беларусцы, якая перажыла рэпрэсіі, патрэбная аперацыя, каб хадзіць

  • Гісторыя

Алена Мяшчэракава ледзь не памерла ад кавіду, перажыла рэпрэсіі сілавікоў і была вымушаная з’ехаць з краіны. Калі Расія напала на Украіну, яна стала валанцёркай, але цяпер дапамога патрэбная ёй самой.

Мяне завуць Алена Мяшчэракава. Мне 60 гадоў. Да вымушанай эміграцыі я жыла ў горадзе Узда Мінскай вобласці. Працавала майстрам і старшым майстрам на прадпрыемстве «Волат-1», затым начальніцай сталярнага цэха і прарабам у Ратамцы, пазней – ва УП «Мінгаз» у Менску.

Напярэдадні выбараў 2020 года я зарэгістравалася незалежнай назіральніцай ад ініцыятыўнай групы «Сумленныя людзі». 5 жніўня мяне затрымалі каля выбарчага ўчастка па сфабрыкаваным абвінавачанні. Пазней я атрымала 7 сутак адміністрацыйнага арышту. У ІЧУ супрацоўніца міліцыі збівала мяне дубінкай па нагах за адмову зняць нацельны крыжык і бюстгальтар.

Пасля вызвалення я працягнула ўдзельнічаць у маршах, акцыях салідарнасці і пратэстах, а таксама ўваходзіла ў Каардынацыйны савет горада Узда.

Неўзабаве я цяжка захварэла на COVID-19. Паражэнне лёгкіх склала 67%, я знаходзілася ў рэанімацыі і доўга праходзіла лячэнне. На наступны дзень пасля выпіскі да мяне дадому зноў прыйшлі сілавікі. Я не адчыніла ім дзверы і сказала, што я сястра Алены, а яна ў сваякоў. З цяжкасцю, але паверылі і з’ехалі. Каб пераканацца, што каля дома няма іх машыны, выскачыла на вуліцу праверыць і толькі на зваротным шляху зразумела, што іду па снезе ў адных шкарпэтках. Было страшна.

Стэлефанавалася з сынам, і мы вырашылі, што мне трэба тэрмінова з’язджаць. На зборы ў мяне было ўсяго тры гадзіны. Сын змог даць мне толькі 400 беларускіх рублёў. Я абмяняла іх прыкладна на 156 еўра і з адной сумкай з’ехала ў невядомасць.

Так я апынулася ў Латвіі. Пасля доўгай працэдуры я атрымала статус бежанкі і пачала будаваць жыццё нанова. Наступствы збіцця далі пра сябе ведаць: былі сур’ёзна пашкоджаныя сасуды ног. Мне патрабавалася аперацыя. Два гады я збірала грошы і ўсё ж змагла яе зрабіць.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, я зразумела, што не магу заставацца ўбаку. Падчас адпачынкаў я ездзіла валанцёркай у рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», які для ўкраінскіх абаронцаў адкрыла наша беларуска. Там дапамагала на кухні, займалася бытавымі пытаннямі, старалася зрабіць так, каб байцы, якія праходзяць аднаўленне пасля раненняў, адчувалі клопат і падтрымку.

Начальніку не падабаліся мае паездкі нават падчас адпачынку, і таму мне давялося звольніцца. Затым я зарэгістравалася на біржы працы, скончыла курсы латышскай мовы і ўвесь гэты час працягвала ездзіць ва Украіну як валанцёрка.

Падчас адной з такіх паездак фізічныя нагрузкі прывялі да траўмы спіны і ўшчамлення нерва. Першую дапамогу мне аказалі ва Украіне, аднак працягваць лячэнне там я не магла і на моцных абязбольвальных вярнулася ў Латвію.

Тыдзень праляжала ў бальніцы (на большае грошай не хапіла), не хапіла сродкаў і на далейшую рэабілітацыю. Некалькі месяцаў аднаўлялася практычна без паўнавартаснай медыцынскай дапамогі. З-за хваробы страціла даход, назапасіўся доўг за кватэру.

Сёння мой стан працягвае пагаршацца. Па выніках абследаванняў у мяне дыягнаставалі хранічнае захворванне пазваночніка і коксартроз тазасцегнавага сустава II–III ступені.

Лекары папярэджваюць, што захворванне тазасцегнавага сустава хутка прагрэсуе. Па дзяржаўнай праграме аперацыі можна чакаць каля двух з паловай гадоў, але, на думку спецыялістаў, столькі часу ў мяне ўжо няма.

Цяпер я працую ў краме на выкладцы тавару, але майго заробку хапае толькі на самыя неабходныя выдаткі. Я не магу адначасова аплачваць жыллё, доўг, абследаванні і лячэнне.

Я жыву ў Латвіі адна. Маіх бацькоў не стала ў 2019 годзе – яны памерлі ў адзін дзень. У 2021 годзе ад COVID-19 у Мінску памерла мая сястра. У мяне ёсць сын, але ён знаходзіцца ў Беларусі і, на жаль, не можа мне дапамагчы. Мне самой заўсёды было прасцей дапамагаць іншым, чым прасіць дапамогі для сябе. Але сёння я апынулася ў сітуацыі, калі самастойна справіцца ўжо немагчыма. Я баюся страціць жыллё, баюся, што хвароба пазбавіць мяне магчымасці самастойна перасоўвацца і працаваць.

Сума збору:
€5552

€2875 – бесцэментнае эндапратэзаванне тазасцегнавага сустава
€2281 – бесцэментны эндапратэз тазасцегнавага сустава з парай трэння «кераміка-кераміка»
€264 – агульная анестэзія
€132 – плексусная анестэзія

Сабрана:
€ 0 з 5 552