Добры дзень!
Мяне завуць Кацярына [імя з меркаванняў бяспекі змененае, Фонд BYSOL валодае ўсімі пацвярджальнымі дакументамі]. Я маці 2 дзяцей. Ім цяпер 9 і 12 гадоў.
Мая гісторыя пачалася ў 2020 годзе, калі мяне затрымалі на нядзельным маршы і судзілі па “народным” адміністрацыйным артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Я тады адсядзела суткі ў ІЧУ і заплаціла вялікі штраф.
Але гэта мяне не спыніла, і я стала валантэркай.
У 2023 годзе, калі я несла перадачу адной палітзняволенай, мяне затрымалі. Паколькі прад'явіць мне не было чаго, мяне асудзілі паўторна за выхад на нядзельны марш у 2020 годзе па крымінальным артыкуле 342 ч1 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Я правяла некалькі месяцаў у СІЗА, а потым мне далі 2 гады хатняй хіміі (від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі). Жыць ва ўмовах сталага нагляду зрабілася немагчымым, і я прыняла рашэнне з'ехаць у Польшчу.
Цяпер мы ў чужой краіне. Нам трэба афармляць дакументы, шукаць працу, адправіць дзяцей у школу. Наперадзе зіма і поўная невядомасць. Мы пачынаем жыццё з нуля.
Я дапамагала людзям, калі была валантэркай, але цяпер мне з дзецьмі самой вельмі патрэбная ваша дапамога і падтрымка. І я ведаю, што калі ўстану на ногі, я працягну дапамагаць людзям, бо зробленае дабро заўсёды вяртаецца.
Жыве Беларусь і Слава Украіне!
Якая сума неабходна:
€4000
- Кватэра і камуналка за 2 месяцы + дэпазіт — € 2100
- Сабраць у школу двух дзяцей (канцылярыя, зменнае адзенне і абутак, партфелі і г.д.) – €350
- Праязныя 3 штукі (у дзяцей няма скідкі) — € 70
- Харчаванне ў сталовай для дзяцей — € 90
- Падручнікі і раздрукоўкі для старэйшай — €60
- Прадметы для дома (патэльня, рондаль, імбрык, набор посуду) — € 100
- Пасцельныя прыналежнасці для траіх (коўдры, падушкі, прасціны, камплекты бялізны) — € 150
- Мыйныя сродкі (для ўнітаза, ванны, для мыцця посуду, анучы для ўборкі, асвяжальнік паветра, пральны парашок, кандыцыянер) — € 80
- Сродкі гігіены (шампунь, зубная паста, туалетная папера, мыла) — €60
- Цёплыя рэчы на 3 чалавек — €400
- Ежа (крупы, мука, алей, воцат, сода, спецыі, гародніна, замарозка, кансервы, чай, малачка, мяса) — € 250
- Лекаванне зубоў (у малодшага разбалеўся) — € 70
- Медкамісія для ўладкавання на працу — €90
- Медкамісія для старэйшай дачкі (яна гуляе ў гандбол, ёсць дасягненні. Прынялі ў Варшаве ў гандбольны клуб Агрыколя) — €65
- Пераклад дакументаў на польскую мову — €75